Беларуская вёска рыхтуецца да акцыяў пратэсту


Абараніць сваё. На Меншчыне абвастрыўся канфлікт паміж мясцовымі ўладамі і ўладальнікамі свінагадоўчых гаспадарак. У выпадку, калі чыноўнікі забяруць у іх апошнія сродкі да існавання, даведзеныя да адчаю людзі абяцаюць пачаць акцыі непадпарадкавання.

Вонкава звычайны беларускі аграгарадок Любкаўшчына, што на Меншчыне, адразу не паказвае таго, што адбываецца тут насамрэч. І толькі размаўляючы з людзьмі, можна даведацца, што большасць з іх жыве ў штодзённым страху за свой заўтрашні дзень.
{movie}Даведзеныя да адчаю|right|13853{/movie}
ВОЛЬГА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ЛЮБКАЎШЧЫНА:
“У мяне былі свінні, а іх прыехалі і забралі. Я прыйшла з поля пасля ўборкі калгасных буракоў. Прыехала нявестка з плачам і сказала, што ёй таксама чацвёра забралі. Я прыйшла, а на мяне ўжо чакалі”.

І гэта ў час, калі паводле звестак, атрыманых намі ў Дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі, сітуацыя вакол афрыканскай чумы свіней у Беларусі стабілізавалася. Таму пасля скаргаў ува ўсе магчымыя інстанцыі жыхары Любкаўшчыны і ваколічных вёсак пайшлі на беспрэцэдэнтны крок. Яны дабіліся сустрэчы з мясцовымі і сталічнымі чыноўнікамі. Хутка сход, на які прыйшлі больш за 100 чалавек, пераўтварыўся ў адчайнае змаганне за свае правы.

ЖЫХАРКА ВЁСКІ ЛЮБКАЎШЧЫНА:
“Чаму вы нас заганяеце ў зямлю?! Людзі на карачках падымаюцца, а вы іх зноў заганяеце! Як нам сёння жыць? У нас ува ўсіх дзеці і ўнукі. Іх трэба карміць!”.

Ужо колькі месяцаў жыхароў Мікалаеўшчынскага сельсавету, да якога адносяцца, між іншых, вёскі Любкаўшчына, Жыгалкі ды Пагарэлае, прымушаюць зліквідаваць пагалоўе свіней. Чыноўнікі спасылаюцца на жнівеньскую пастанову Савету Міністраў, паводле якой трымаць гэтую жывёлу забараняецца ў пяцікіламетровай зоне вакол дзяржаўных свінакомплексаў. Хаця, як выявілася, гаспадаркі людзей месцяцца значна далей, чыноўнікі і тут хутка знайшлі свой адказ.

ІРЫНА ЦАРЫН, МІНІСТЭРСТВА СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ:
“Пяць кіламетраў – гэта мінімум ад комплексу. Але гэта зона можа быць і 5, і 6, і 7, і 10 кіламетраў”.

Маўляў, усё залежыць ад ландшафтна-геаграфічных асаблівасцяў тэрыторыі. Абураныя людзі не разумеюць, чаму чыноўнікі ўзяліся гэтак шырока інтэрпрэтаваць закон. Тым больш, што тэрыторыя сельсавету, паводле пастановы Стаўбцоўскага райвыканкаму, прызнаецца толькі другою зонаю небяспекі афрыканскае чумы свіней.

ВЯЧАСЛАЎ УРУБЛЕЎСКІ, ЖЫХАР ВЁСКІ ЛЮБКАЎШЧЫНА:
“Там не стаіць пытанне пра ліквідацыю свіней. Паводле патрабаванняў, нельга ўвозіць, вывозіць і рэалізаваць. Нельга пасвіць свінняў. Мы ўсё гэта захоўваем!”.

Адкуль такое стаўленне да закону і людзей з боку чыноўнікаў?

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Іх як навучылі ў вышэйшай партыйнай школе, так яны і дагэтуль руляць. Вось у чым бяда! Ва ўладаў няма гнуткасці, няма інструментаў, няма дастатковай колькасці галінаў улады, каб яны ўсё залагоджвалі і вырашалі ўсё на карысць людзей”.

А таму за страты ад эпідэміі афрыканскае чумы свіней у Беларусі плацяць пакуль вяскоўцы з уласнай сціплай кішэні. Тым жа, хто адмаўляецца зліквідаваць гаспадаркі, пагражаюць велізарнымі штрафамі. У той жа час рэальныя памеры стратаў ад бяды дзяржава ад сваіх грамадзянаў старанна хавае.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў