Андрэй Курэйчык: Будучыня беларускага кіно – маладзёны з фотаапаратамі


Дзяржава ўкладае вялікія грошы ў беларускае кіно, якое цяпер… няма каму здымаць. Дыягназ айчыннай кінаіндустрыі ставіць беларускі сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык, які жыве і працуе ў Маскве.

Пра дзіўную сітуацыю ў беларускім кінематографе – у чарговым выданні «Размовы Жбанкова».

{movie}Беларускі бюджэт дазваляе здымаць 10 фільмаў міжнароднага ўзроўню на год|right|13818{/movie}

Паводле Андрэя Курэйчыка, айчыннае кіно не першы год у зачараваным коле: не можа вырашыць, куды рухацца – у бок камерцыйнай ці ўсё ж арт-прадукцыі. Ісціна, як заўсёды, ляжыць на паверхні: маленькія краіны не могуць дазволіць сабе камерцыйнай кінаіндустрыі: «Пераплюнуць Галівуд немагчыма». Таму Румынія, Польшча, Фінляндыя ды іншыя робяць арт-кіно.

Беларуская ж дзяржава хоча зарабіць на кіно ў сітуацыі, калі айчынны рынак да гэтага не гатовы. Выдаваць прадукцыю на расейскі рынак таксама няма вялікага сэнсу: гэта звязана з «шалёнаю канкурэнцыяй», бо нашая суседка за апошнія дваццаць гадоў зрабіла ў гэтай галіне сапраўдны прарыў. Выхад на еўрапейскі рынак, паводле Курэйчыка, нам пакуль таксама «не свеціць».

Сам ён не супраць дзяржаўнага падтрымання кінагаліны, але зазначае: нельга падтрымаць мастацтва ў цэлым. «Трэба знайсці ды падтрымаць канкрэтных мастакоў, вырасціць, даць ім свабоду і шанец». І 10 млн долараў на год, якія вылучае беларуская дзяржава, – гэта зусім не малая сума. Гэтых грошай, паводле госця праграмы, хопіць на дзесяць «нармальных фільмаў».

Праблема толькі ў тым, што грошы няма каму даваць: «Няма таго пласту творчых людзей, які з’явіўся ў Расеі, – і тут спадар Курэйчык згадвае ў якасці прыкладу Івана Вырыпаева, Аляксея Пагрэбскага, Аляксея Германа-малодшага, са старэйшага пакалення – Сяргея Салаўёва. – Там ёсць 30–40 чалавек, якія рэальна могуць здымаць якаснае кіно. Я не магу назваць і пяці ў Беларусі, якія могуць рабіць кіно фестывальнага ўзроўню».

Прычына гэтага – адсутнасць нармальных умоваў для працы і развіцця ў Беларусі цягам доўгага часу, у выніку чаго большасць выхаванцаў Акадэміі мастацтваў з’ехалі ў Расею здымаць серыялы. «Адзіны чалавек, які б’ецца, гэта Кудзіненка». Аднак і ён вымушаны тры-чатыры гады чакаць новага праекту, а такія прастоі ў плённым для рэжысёра ўзросце, паводле Курчэйчыка, недапушчальныя.

Госць праграмы адзначае цікавую тэндэнцыю: «Таленавітыя адзінкі з’яўляюцца ў інтэрнэце, мы іх бачым у роліках, праз змешванне жанраў – ці то тэлебачанне, ці то кіно, ці то арт, ці то камп’ютарная графіка. Яны маладыя, у іх няма ні капейкі грошай, у іх ёсць фотаапарат і камп’ютар. Але яны маюць бачанне. І часта ў іх няма нават адукацыі Акадэміі мастацтваў».

Аднак наўрад ці маладыя творцы заявяць пра сябе дзякуючы «Беларусьфільму» – ён, адзначае Андрэй Курэйчык, не стварыў апошнім часам ніводнай якаснай самастойнай прадукцыі, імкнучыся да ўдзелу ў гучных міжнародных праектах кшталту «У тумане» Сяргея Лазніцы, для якога пазычыў рэквізіт.

Прычым свае паслугі «Беларусьфільм» ацэньвае не танна, перадусім з прычыны раздзьмутага адміністрацыйнага апарату. А сучасны беларускі фільм не мае каштаваць больш за 100–150 тысяч долараў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў