Беларуская мова ў крамах «Mart Inn» – даніна павагі да Беларусі


Канкурэнтаздольнасць, а нават перавагу беларускай мовы ў бізнесе і рэкламе заўважаюць у Беларусі чамусьці амаль выключна замежныя кампаніі. Літоўская сетка крамаў «Mart Inn» з пачатку сваёй працы ў нашай краіне афармляе свае гандлёвыя залы ды робіць рэкламу толькі па-беларуску.



Беларуская мова ў крамах «Mart Inn» – ужо на самым уваходзе. Пакупнікоў вітае на дзвярах надпіс «Сардэчна запрашаем!». Па-беларуску напісаныя назвы аддзелаў крамы, інфармацыйныя стэнды, звароты да пакупнікоў. Роднаю моваю радуе і рэклама: як знутры крамы, гэтак і на гарадскіх білбордах.

Як распавяла дырэктарка дэпартаменту маркетынгу і продажу кампаніі «Mart Inn Food» Алена Сітдзікава, «камунікацыя з пакупніком на беларускай мове пачалася з адкрыцця самай першай крамы» ў жніўні 2012 года ў Менску.

«Рашэнне ўласнікаў кампаніі зрабіць краму беларускамоўнай – гэта даніна павагі краіне, у якой мы развіваем бізнес», – падкрэсліла спадарыня Алена. Акрамя гэтага, уладальнікі «Mart Inn Food» лічаць, што выкарыстанне беларускай мовы – гэта таксама добры спосаб вылучыцца сярод іншых гандлёвых аператараў.

Што праўда, цалкам беларускамоўным «Mart Inn» назваць усё ж такі нельга: цэннікі зробленыя на расейскай мове. Па-расейску размаўляюць касіры ды іншы працоўны персанал.

«На ўсё свой час. Не выключана, што з часам і цэннікі будуць па-беларуску, – адказала на гэта дырэктарка дэпартаменту маркетынгу. – Што датычыць мовы прадаўцоў, то ў Рэспубліцы Беларусь у грамадзянаў ёсць выбар з дзвюх раўназначных моваў, і мы не можам нікога прымусіць размаўляць па-беларуску».

А вось пакупнікі былі б зусім не супраць, калі б у краме з імі размаўлялі па-беларуску, ды і ўвогуле падтрымліваюць ідэю «Mart Inn» з пашырэннем беларускай мовы ў грамадскай прасторы і хацелі б бачыць больш роднай мовы ў паўсядзённым жыцці. Гэта вынікае з невялікага апытання, якое мы зладзілі ў Бабруйску, дзе «Mart Inn» працуе ўжо каля года.

{movie}Як пакупнікі ставяцца да выкарыстання беларускай мове ў гандлі? |right|13732{/movie}

Раней па-беларуску да сваіх пакупнікоў звярталіся такія замежныя кампаніі, як «Velcom», «Samsung».

ММ, belsat.eu

Стужка навінаў