Паехаў набыць дзецям рэчы. Калі вярнуўся – дзеці вывезеныя


«Незаконна і несправядліва ў нас забралі чацвярых прыёмных дзяцей (10–12 гадоў) органы апекі Чэрвеньскага раёну Менскай вобласці», – звярнуўся на «Белсат» спадар Сяргей Захарыч.

Пра гэта – сюжэт праграмы «Маю права», якую можна глядзець штосераду а 20:25 у онлайн-трансляцыі на нашым сайце, а пасля выдання – у архіве праграмаў.

{movie}Паехаў набыць дзецям рэчы. Калі вярнуўся — дзеці вывезеныя |right|13731{/movie}

У верасні апякун разам з жонкаю паехаў ва Украіну, каб набыць дзецям патрэбныя рэчы на зіму за ніжэйшыя кошты. Меркавалася, што спадарства прабудзе ва Украіне тры дні, таму прыёмных дзяцей пакінулі пад апекаю ягоных родных дзяцей (27 і 28 гадоў) і пляменніцы. У падарожжы здарылася непрадбачанае – жонцы спадара Сяргея зрабілася дрэнна, і ёй была патрэбная медычная дапамога, што ў выніку адклала прыезд дадому. «Нам патэлефанавалі з дому і сказалі, што прыехалі органы апекі ды забралі з сям’і дзяцей», – адзначыў спадар Сяргей.

Мужчыну звольнілі таксама з працы ў якасці выхавальніка сямейнага дзіцячага дому: «Тры гадзіны адсутнічаў дома, і адпаведна артыкулу 42 мяне звольнілі за прагул».

Былы выхавальнік лічыць, што яго звольнілі ды забралі дзяцей, бо ён закрануў самалюбства чыноўнікаў Чэрвеньскага раёну. Спадар Сяргей патрабаваў ад мясцовых уладаў належных пуцёвак у санаторый для сваіх падапечных, кампенсацыі аплаты лекаў для дзяцей, службовага праезду з дзецьмі ў санаторый і шпіталі ды іншага.

«Ніякіх заўвагаў адносна сваёй працы за 8,5 гадоў не маю. Сям’я атрымала больш за 20 падзякаў», – адзначыў былы выхавальнік.

Вярнуць дзяцей не дапамагла нават скарга ў суд, бо суддзя палічыла, што набыццё вопраткі для дзяцей не ёсць паважнаю прычынаю для адсутнасці апекуна. Дзяцей накіравалі ў іншыя прыёмныя сем’і, але яны ўсё роўна шукаюць шляхоў звязацца з Захарычамі, бо пражылі ў гэтай сям’і 7 гадоў, а выхавальнікі сталі ім як родныя.

Дзеці пішуць ў органы апекі, каб ім дазволілі вярнуцца, але чыноўнікі не разглядаюць лістоў дзяцей, а самому спадару Захарычу ўвогуле забаранілі бачыцца з былымі выхаванцамі. «Праблема дзяцей нікога не цікавіць, і тое, што робіцца ў дзіцячых душах, нікога не хвалюе», – падкрэсліў спадар Сяргей.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў