Як 27-гадовы вандроўнік вярнуў жыццё ў беларускую вёску


За некалькі гадоў Фёдар Аляксееў правандраваў праз палову свету, а пасля пераехаў з Менску ў амаль пакінутую вёску Задор’е Бярэзінскага раёну, каб вучыцца рамёствам і медытаваць.

У перапынках паміж эзатэрычнымі практыкамі ды хатнімі клопатамі наш герой вярнуў у вёску жыццё: дамогся, каб прывозілі пошту і ўсталявалі ліхтар, уціхамірыў мясцовага хулігана, а таксама сабраў неабходныя паперы для мясцовай жанчыны, каб тая атрымлівала пенсію.

Пра пераезд у вёску

«Да пераезду я шмат падарожнічаў, аб’ездзіў усю Еўропу, краіны СНД, Індыю, Кітай, Тыбет, быў у Іране, Пакістане, Непале. Назбіралася шмат уражанняў. Трэба было недзе асесці, каб асэнсаваць той досвед. Спачатку я жыў у сябра на лецішчы, затым у Менску. Але я заўсёды хацеў пераехаць у вёску.

Такі шанец выпаў у 2011 годзе. Пачаўся фінансавы крызіс і з’явіліся магчымасці танна набыць нерухомасць. Спачатку я глядзеў дамы на Гарадзеншчыне, але там заломвалі кошты, якія я сабе дазволіць не мог. І тады я пастанавіў зрабіць інакш. Я прыехаў і пасяліўся ў хляве, як бомж. Людзі прыходзілі, цікавіліся, чаму я там жыву і прапаноўвалі дапамогу. Праз некаторы час старшыня мясцовага калгасу знайшла мне хату. Я яе купіў за сто даляраў.

Тады ў мяне былі ідэалістычныя ўяўленні пра вёску. Я думаў, што тут жывуць мудрыя дзядулі ды бабулі. Я хацеў навучыцца ў іх традыцыйным рамёствам, а потым працягваць гэтым займацца. Аднак пераехаўшы сюды, я зразумеў, што гэтыя традыцыі забытыя, і ніхто нічога не ўмее. І таму я сам прыдумваю сабе заняткі.

Добрыя ўчынкі

За час майго побыту ў Задор’і мне давялося развязаць шмат праблемаў. Калі я сюды прыехаў, у вёсцы не было ліхтара. Я звярнуўся да мясцовых уладаў, і цяпер у Задор’і ёсць вулічнае асвятленне.

Раней па пошту я хадзіў у суседнюю вёску – за тры кіламетры адсюль. Але аднойчы нехта раскрыў мой ліст. Я напісаў электронны зварот у Менск, дзе пазначыў, якія з маіх правоў парушаюцца і даў спасылкі на законы. У выніку змяніўся паштальён, а пошту цяпер рэгулярна прыносяць да нас у вёску.

У вёсцы жыве жанчына, якая 15 гадоў не атрымоўвала пенсіі, бо ў яе не было пашпарта. Каб ёй дапамагчы, я выдаткаваў шмат сілаў і часу, прыкладна 5 месяцаў. Я зрабіў ёй фотаздымкі, адсылаў за яе лісты на папярэднія месцы працы і ў райвыканкам. У выніку ёй зрабілі пашпарт, і зараз яна атрымлівае пенсію.

Жыве з гэтаю жанчынаю звычайны грамадзянін. Адзінае адрозненне ад звычайных людзей – гэта тое, што ён моцна п’е. Спачатку ён проста выпіваў і гуляў, а потым гарэлка стала адзінай ягонаю забаваю. Праз гэта ён ператварыўся ў чалавека з вялікаю колькасцю праблемаў. За іх ён помсціць свайму атачэнню. І вось гэты чалавек тэрарызаваў бабулек, прасіў грошай на выпіўку ці проста сварыўся без канкрэтнай прычыны.

Адзін раз я стаў сведкам, як ён вымагаў грошы ў суседкі. Я скруціў яму рукі і вывеў на вуліцу. Наступным разам – выклікаў міліцыю, і ўсе былі ў шоку, бо старыя баяліся помсты. Калі і гэта не дапамагло, я зрабіў хітра: зняў відэа, як ён пагражае бабулькам забіць іх і спаліць іхныя хаты. Паказаў яму відэа і запоўненую заяву ў міліцыю. Я патлумачыў, што яго за гэта пасадзяць. Ён спужаўся, і больш нікога не чапае.

Пра суседзяў

Да мяне ў вёсцы ставяцца гэтак: тое, што я ўвесь патлаты такі, – гэты дзіўна. Тое, што я прыехаў у вёску і жыву тут – таксама вельмі дзіўна. Тое, што я не п’ю, – гэта падазрона, але нармальна. Тое, што я не куру, – гэта ўвогуле ні ў якія вароты не лезе.

Адна бабулька ў вёсцы ўвесь час лаецца на мяне. Усё, што я раблю, яна лічыць няправільным. Дровы калю няправільна, складваю іх таксама няправільна. Яна мой умелы ды любасны настаўнік. Ёсць бабулька, якая нейтральна да мяне ставіцца. А ёсць бабулька, якая мяне ва ўсім падтрымлівае. Нават вось я матузкі зялёныя набыў, а яна кажа: «Малайчына, Фёдар! Не ведаю, навошта ты гэта зрабіў, але ты малайчына!»

Мужчына гэты пітушчы мяне ненавідзіць, але паважае. Калі не вельмі п’яны, кажа: «Ты мяне, Фёдар, некалькі разоў пакрыўдзіў, але я цябе ўсё роўна паважаю». Жанчына ягоная вельмі добра да мяне ставіцца, бульбы мне прынясе, яшчэ чаго-небудзь. Ёсць яшчэ дзядуля адзін, ён да мяне ставіцца як да дзівака, але ён вельмі вясёлы. У выніку ўсе нармальна да мяне ставяцца.

Пра гаспадарку

Летась я гадаваў дзесяць курэй. Першую у той жа дзень, калі я іх сюды прывёз, скраў каршун. Другую – праз тыдзень. А потым я з’ехаў на дзень з вёскі, і нехта падумаў, што яму куры больш трэба, і птушкі зніклі.

Я спрабаваў вырошчваць гарод па прынцыпах пермакультуры (сістэма сельскай гаспадаркі, заснаваная на ўзаемасувязях, назіраных у натуральных экасістэмах). Я рабіў гэта ўпершыню, але ўсё вельмі добра атрымалася. Я лічу, што калі людзі жывуць тут сям’ёй, то з гектара можна вельмі добра харчавацца.

Можа падацца, што на вёсцы сумна і няма чым заняцца. Але ж я заўсёды знаходжу сабе занятак. Шмат чытаю, раблю арыгамі, вучуся маляваць, пець, танчыць і, вядома ж, медытую.

Пра грошы і планы на жыццё

Некалькі гадоў таму, калі я жыў Менску, я зарабляў грошы фізічнаю працай. Аднойчы я зразумеў, што хачу працаваць на сваіх умовах. Я пачаў чытаць эканоміку і падручнікі па фінансах. Цяпер я працую з укладамі. Грошай, якія я атрымоўваю, хапае мне на жыццё.

Я б з радасцю ажаніўся, калі б знайшоў жанчыну, якая мне падыходзіць. Галоўнае ў жанчыне – гэта ейнае сэрца, каб яно магло адчуваць, і, вядома ж, жаночая мудрасць. І няважна, дзе з ёю жыць. Калі кахаеш, можна жыць хоць у шалашы, галоўнае, каб разам.

У будучыні я планую пераехаць з гэтай вёскі, хаця тут можна добра жыць і карміць сям’ю. Проста рэсурс гэтага месца для мяне ўжо вычарпаны, я зрабіў тут усё, што мог. Акрамя гэтага, летам я сустрэў дзяўчыну. Гэта сустрэча змяніла ўсё мае жыццё, і цяпер я не магу жыць, як раней. А найбліжэйшыя планы – гэта паехаць у Чэхію на Новы год, да сяброў».

Вадзім Быліна, belsat.eu

Стужка навінаў