Анатоль Лябедзька апісаў свой побыт «у засценках КДБ» (фота)


У офісе Партыі БНФ старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прэзентаваў сваю кнігу «108 дзён і начэй, праведзеных у засценках КДБ», у якой апісаў досвед арыштанта ў СІЗА КДБ, вядомым як «амерыканка», пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Паводле Лябедзькі, тое, праз што яму давялося прайсці, стала для яго нечаканасцю. «Да «амерыканкі» я лічыў, што прайшоў праз усё і што мяне здзівіць нельга нічым».

«Самым цяжкім была поўная адсутнасць усялякай інфармацыі, – сказаў палітык. – Калі вы не ведаеце, што з роднымі ды блізкімі, гэта вельмі не проста. І калі я атрымаў першыя звесткі адтуль, што я называў «вялікаю зямлёю», а гэта былі ўсяго тры радкі, напісаныя рукою майго сына, я адчуў сябе жудасна шчаслівым чалавекам».

Жонка палітыка Святлана Лябедзька ў сваім выступленні пажадала Беларусі, каб «у наступным годзе такіх кніг на гэтую тэму ніколі ў нас у краіне больш не з’яўлялася».

Паводле мадэратара прэзентацыі журналіста Валерыя Каліноўскага, кніга Лябедзькі намінаваная на прэмію Францішка Аляхновіча, заснаваную радыё «Свабода» ў супрацы з Беларускім ПЭН-цэнтрам. Як патлумачыў Каліноўскі, гэтая прэмія ўручаецца за найлепшы літаратурны твор, напісаны з месцаў зняволення. Падвядзенне вынікаў конкурсу пройдзе 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

На прэзентацыі прысутнічалі каля 50 асобаў, у тым ліку часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Гоўлдрыч, беларускія палітыкі Павал Севярынец і Сяргей Калякін, кіраўніцтва АГП, палітычныя і грамадскія актывісты.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў