Аб чым спрачаецца Майдан уначы?


Чым жыве, пра што гамоніць ды аб чым спрачаецца Майдан уначы, калі са сцэнаў не чуваць апазіцыйных лідараў і калі ў любы момант у намётавы лагер можа ўварвацца «Беркут»? Журналіст «Белсату» да світанку быў на плошчы разам з пратэстоўцамі ў Кіеве.

Вялікі пікнік ці форум неабыякавых?



Пасля 19-й гадзіны Майдан пачынае няўлоўна змяняцца. Гучаць апошнія прамовы палітыкаў. Частка тых, хто прабыў на плошчы ўвесь дзень, паступова раз’язджаюцца па дамах ці часовых месцах начоўкі. Але іх змяняюць тыя, хто ўдзень быў на працы і прыходзіць на Майдан увечары.

Паўсюль стаяць металічныя бочкі, у якіх палаюць разабраныя драўляныя палеты, малыя паленцы і проста дошкі. Стаіць такая бочка і ля намёту з надпісам «Кіраваград». Тут разгараецца палітычная дыскусія – што такое народ? Якой быць Украіне? І галоўнае – з кім? «Вось паглядзіце, як пераможам з імі [цяперашнія апазіцыйныя палітыкі. – belsat.eu] міне тры месяцы, ну няхай паўгода, і яны, прыйшоўшы да ўлады, пра ўсё забудуцца. Забудуцца пра нас, і навошта мы тут стаялі. Шыла на мыла!» – размахвае рукамі мужчына гадоў сарака. Ягоны суразмоўца, падобна, не выключае такой магчымасці, а таму не спрачаецца. Моладзь ля бочкі не надта прыслухоўваецца – хтосьці задумліва глядзіць на агонь, хтосьці робіць канапку.

Канапкі, суп, каша, печыва, хлеб і гарбата – асноўны рацыён жыхароў Майдану. Ежу можна атрымаць у дзясятках пунктаў – размеркаванне рэсурсаў каардынуе Штаб нацыянальнага супраціву. Валанцёры не толькі раздаюць гарачую ежу кожнаму, хто папросіць, – ад часу да часу з боку кухняў выходзяць валанцёркі з падносамі, поўнымі канапак і раздаюць пратэстоўцам.

Тут жа – пункты выдачы цёплай вопраткі. «Кіеўляне прыносяць, а мы раздаем, – распавядае валанцёр, і тут жа звяртаецца да «кліента»: дык вам што – кепку лепш ці шапку? Шапку – зараз знойдзем!» Тут пад’язджае грузавік з дровамі. Адразу ж знаходзяцца ахвотнікі разгрузіць. Нікога не трэба прасіць двойчы.

Калі абстрагавацца ад палітычных патрабаванняў, што гучаць са сцэны, Майдан можна паблытаць з неардынарным гарадскім пікніком з намётамі ды разняволенаю атмасфераю свята, што крыху зацягнулася. Але дастаткова зрабіць пару дзясяткаў крокаў убок, каб спусціцца на зямлю.

Бяспека – перадусім

Намётавы лагер разам з плошчаю агароджанае барыкадамі. Збітыя з тоўстых брусоў дрэва, умацаваныя металічнымі турнікетамі, а дзе-нідзе нават калючым дротам, – робяць штурм лагера без ужывання цяжкай тэхнікі немагчымым. На вузкіх уваходах стаіць ахова – з ліку валанцёраў. Гэта маладыя моцныя хлопцы, некаторыя з прыкрытымі хустамі тварамі, у шлемах і касках. На правай руцэ часам можна пабачыць прыматаны скотчам кавалак дошкі – прымітыўная, але дзейсная абарона ад удару дручком.

Ахова сочыць за тым, каб на тэрыторыю Майдану не зайшлі людзі, якія ўжывалі алкаголь, не праносілі яго ў заплечніках, і гатовая ў выпадку нападу бараніць лагер. Кожную ноч уваходы фактычна блакуюцца, барыкады ўмацоўваюцца.

У Доме прафсаюзаў, дзе месціцца Штаб нацыянальнага супраціву, – таксама ахова. Каб прайсці далей за прыбіральню, патрэбны пропуск.

Героі Майдану

Натоўп людзей, што стаіць ля сцэны, расступаецца перад некалькімі сур’ёзнымі мужчынамі. Яны рассоўваюць людзей і хуткім крокам набліжаюцца да сцэны. У іхным атачэнні кідаецца ў вочы магутная фігура Віталя Клічка. Людзі пачынаюць махаць рукамі ды фатаграфаваць палітыка. Сам Віталь на паўхвіліны спыняецца, каб зрабіць некалькі здымкаў Майдану на мабільны тэлефон. Панараме, якая адкрываецца з вышыні ягонага росту, напэўна, пазайздросціць кожны фатограф і аператар.

Віталь Клічко, Арсеній Яцэнюк і Алег Цягнібок, безумоўна, ключавыя фігуры Еўрамайдану. Але ці то расчараванні ад Памаранчавай рэвалюцыі, ці адсутнасць рашучых дзеянняў не робіць іх героямі Майдану. Сапраўдныя авацыі зрываюць нават не папулярныя музыкі, што падтрымліваюць пратэстоўцаў.

Польскі журналіст, якога збілі спецназаўцы, можа страціць зрок на адно вока. Але ён вырашаецца застацца на Майдане да канца. Ён не сказаў ні слова са сцэны, але тысячы чалавек пачынаюць скандаваць «Дзякуй!».

Яшчэ адзін пацярпелы, але не зломлены – жыхар Кіева Андрэй. У яго забінтаваная галава і паламаная рука – наступствы сутычкі з «Беркутам». Андрэй працуе на кіеўскай бензастанцыі запраўшчыкам і адпрасіўся з працы, калі распачаліся пратэсты. «Мы мусім стаяць да канца, да нашай перамогі», – гаворыць ён са сцэны пад авацыі. «Калі яны пачалі збіваць усіх без разбору, з нейкаю жывёльнаю жорсткасцю, было вельмі страшна, – распавядае Андрэй у прыватнай размове. – Але нашая будучыня важнейшая за гэта ўсё. Таму я не сыду з Майдану».

«Радыкалы»

Увесь свет абляцелі фотаздымкі са спробы штурму будынку Адміністрацыі прэзідэнта Украіны. Радыкалы збіваюць выстаўленых супраць іх 18–19-гадовых салдатаў унутраных войскаў, што не мелі нават шчытоў і дручкоў. Пазней з’яўляецца спецпадраздзяленне «Беркут», што жорсткім разгонам спыняе спробу захопу будынку.

Цяпер у апазіцыйных колах тыя падзеі называюць правакацыяй. «А калі б мы ўсё ж узялі Адміністрацыю, як узялі Раду гораду, як узялі Дом прафсаюзаў – гэта таксама было б правакацыяй?» – задаецца рытарычным пытаннем Аляксандр. Ён стаіць за 200 метраў ад будынку рэзідэнцыі, ля барыкады. Далей – 100 метраў «нейтральнай паласы» і ачапленне міліцыянтаў у шлемах са шчытамі ды дручкамі.

На барыкадах непадалёк Адміністрацыі няшмат людзей – не больш за 30–40 удзень і каля 20 асобаў – уночы. Тут не грае музыка, тут не разносяць канапак, і няма намётаў. Са дня спробы штурму гэтак і стаяць адзін насупраць другога – міліцыянты і пратэстоўцы. «На гэта можна глядзець вечна», – заўважае Аляксандр, калі шыхт міліцыянтаў па камандзе «ўцякае» са сваёй пазіцыі. Але ў той жа момант іх змяняюць на посце іншыя. Перазменка – кожныя дзве гадзіны. У пратэстоўцаў перазменак няма.

«А калі яны зараз пойдуць сюды? Іх там пад сотню, а вас няма і трох дзясяткаў», – пытаю іншага пратэстоўца, Аляксея. Той паціскае плячыма: «Так, шанцаў няма. Але ўсё ж і яны не жалезныя. Вось так і стаяць. І мы стаім».

«Радыкалаў», прынамсі на гэтай кропцы, спрабуюць кантраляваць апазіцыйныя сілы са Штабу супраціву. Тут заўсёды ёсць «клічкоўцы», якія сочаць за тым, каб ніхто не спрабаваў правакаваць міліцыянтаў на сілавыя дзеянні.

Антымайдан

Калі прайсці з пяць хвілінаў ад будынку Адміністрацыі прэзідэнта, то можна зноў пачуць музыку ды прамовы. «Незаконна захапілі… Правапарушэнні… Акупавалі», – з парку даносяцца чыесьці левітанаўскія металічныя ноткі. А потым зноў рытмы поп-музыкі. Гэта майдан Партыі рэгіёнаў.

«Рэгіёнаўцы» таксама падышлі да бяспекі грунтоўна. Па перыметры парк агароджаны турнікетамі, а дадаткова – ланцугом міліцыянтаў у шлемах і з дручкамі кожныя 1,5 метра. На брамах стаяць тыповыя «ціхары» ў цывільным. Маё журналісцкае пасведчанне не робіць на іх ніякага ўражання, яны патрабуюць адмысловага пропуску ад Партыі рэгіёнаў.

Спроба схлусіць пра маё жаданне «проста падтрымаць прэзідэнта Януковіча» на іншай браме таксама не мае плёну. На Еўрамайдане распавядаюць, што «рэгіёнаўцы» абяцалі плаціць грошы сваім мітынгоўцам, але так і не заплацілі, і частка ад іх проста ўцякла. Цяпер «прыхільнікаў» Януковіча не выпускаюць проста так – забіраюць пашпарт. Аднак спраўдзіць, ці так гэта насамрэч, практычна немагчыма. «Рэгіёны» акапаліся, пабочныя на гэтым «мітынгу шчасця» не патрэбныя.

Майдан, які не спіць

Кожны новы дзень на Майдане пачынаецца з гімну. Апоўначы ўся плошча свеціць мабільнікамі ці запальнічкамі ды спявае словы гімну. Майдан не спіць ніколі – нават а 4–5-й раніцы на плошчы застаюцца людзі, што танчаць, а ля намётаў – размаўляюць і грэюцца ля бочак.

Каля трох гадзінаў ночы з барыкадаў чуваць моцны шум – ахоўнікі пачалі грукатаць, прыцягваючы ўвагу. Штурм! Людзі, што дагэтуль грэліся ля вогнішчаў, кінуліся на дапамогу, з намётаў пачалі выскокваць тыя, хто спрабаваў заснуць. Што хаваць – некалькі чалавек кінуліся ў адваротным кірунку, аднак большасць – пабегла дапамагаць абаронцам.

На шчасце, гэта была «вучэбная трывога». Людзі разыходзяцца зноў да сваіх вогнішчаў, хлопцы з дружыны, у якіх у гэты час няма дзяжурства, застаюцца яшчэ на некаторы час. Адзін з іх распавядае мне, што самы баявы дух – бадай што ў дзяўчат з Заходняй Украіны. «Прыгожанькія, маладзенькія, і кожная рвецца вось хоць зараз пабіцца з «Беркутам», – пасміхаецца суразмоўца.

Незаўважна надыходзіць світанак. На вуліцах з’яўляюцца першыя мінакі: спяшаюцца на працу. З плошчы скандуюць: далучайся! Але Майдан зноў запоўніцца толькі бліжэй да 9-й гадзіны, калі вернуцца тыя, якіх прынялі на начоўку ў Кіеве добраахвотнікі.

Майдан – як сімвал дзяржаўнага ладу

Кожны жыхар Кіева ў гэтыя дні мае ўнікальную магчымасць зазірнуць у будучыню і пабачыць, чым будзе Украіна праз год-два. Два шляхі, дзве канцэпцыі дзяржавы ўвасобленыя ў «Еўрамайдане» і «Антымайдане». Дэмакратыя і самакіраванне, спрэчкі, расчараванні ды новыя надзеі, пошук уласнага месца ў новым соцыюме, ці – краіна за турнікетам і ачапленнем па перыметры, з насельніцтвам без пашпартоў, з папсою і невядомым «Левітанам», які кляйміць іншадумства? Сёння любы жыхар Кіева можа паўплываць на тое, якая з гэтых мадэляў разрасцецца да маштабаў краіны.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў