Міліцыя папярэдзіла Змітра Дашкевіча. Нагляд можа стаць даўжэйшы і больш жорсткі


„Кожны першы, трэці і чацвёрты чацвер месяца я хаджу адзначацца ва УУС Першамайскага раёну Менску. Сёння (5 снежня – belsat.eu) інспектар уручыў мне пастанову, у якой гаворыцца, што калі я буду і далей аказваць супраціўленне супрацоўнікам міліцыі, прэвентыўны нагляд у дачыненні да мяне будзе працягнуты і стане больш жорсткім”, – заявіў былы палітзняволены Зміцер Дашкевіч.

6 лістапада сустаршыня „Маладога фронту” быў арыштаваны на трое содняў за непадпарадкаванне міліцыі. У той дзень каля сталічнага ГУМу ён збіраў подпісы за вяртанне вуліцы Леніна яе гістарычнай назвы – Францысканская і быў затрыманы міліцыяй. У судзе выступілі двое сведак-міліцыянтаў, якія заявілі, што Дашкевіч „упіраўся, сядаў на зямлю і не падпарадкоўваўся іх законным патрабаванням”.

Пасля ўручэння папярэджання палітык, паводле яго слоў, заявіў інспектару, што быў асуджаны на падставе сфальсіфікаванага пратакола.

Пастанову Першамайскага РУУС Дашкевіч расцэньвае як „працяг курсу на пераслед іншадумцаў”.

28 жніўня Дашкевіч выйшаў на волю з гарадзенскай турмы № 1 пасля амаль трохгадовага зняволення. Ён быў арыштаваны напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і асуджаны спачатку за „асабліва злоснае хуліганства”, а затым за „злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Пад прэвентыўным наглядам Дашкевіч мае знаходзіцца на працягу паўгода пасля вызвалення. Яму забаронена пакідаць жытло жыхарства з 20 да 6 гадзіны.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў