У Кіеве спрабавалі штурмам узяць адміністрацыю Януковіча. Ачапленне з аўтобусаў «Беркуту» расштурхоўвалі бульдозерам. Пра гэта паведаміла «Громадське ТБ».
Некалькі соцень маладзёнаў спрабавалі штурмаваць плот на вуліцы Банкавая, дзе размешчаная адміністрацыя прэзідэнта. Яе ачапілі некалькі шэрагаў «Беркуту».
{movie}Бульдозеры ля адміністрацыі|right|13561{/movie}
У двор будынку кідалі дымавыя шашкі і фаеры. Як паведаміў карэспандэнт радыё «Свабода», невядомыя ў масках задзеялі трактар з каўшом. Аднак іншыя актывісты спрабавалі іх спыніць, выкрыкваючы: «Толькі мірная акцыя!».
Некалькі гадзінаў раней невядомыя пабілі вокны ў будынку сталічнай адміністрацыі.
{movie}Пратэстоўцы б’юць вокны кіеўскай адміністрацыі|right|13560{/movie}
Пазней будынак быў захоплены і ператварыўся ў штаб дэманстрантаў. У калоннай зале будынку стварылі штаб пратэсту, паведамляе ўкраінскі 5 канал. Арганізатары заяўляюць, што гэта не мітынг, а рэвалюцыя, аднак заклікаюць не ісці на штурм ураду і адміністрацыі прэзідэнта, дзе сканцэнтраваныя вялікія сілы спецназу і міліцыі.
Лідар партыі УДАР Віталь Клічко заклікаў удзельнікаў народнага веча на Майдане незалежнасці не паддавацца на правакацыі: «Мы разумеем, што цяпер пачынаецца правакацыя. Яны хочуць, каб пралілася кроў… Улады будуць рабіць усё, каб выкарыстоўваць зброю, абараняцца».
Спадар Лук’яненка адзначыў, што ў панядзелак адбудзецца традыцыйная нарада Азарава з міністрамі, а ў сераду пройдзе паседжанне ўраду.
Лук’яненка таксама заявіў, што сітуацыю ў Кіеве кантралююць, а людзі маюць права на мірныя сходы: «Усё, што адбываецца ў межах закону і мірна – на гэта людзі маюць права. Усё, што адбываецца па-за межамі закону, мусяць спыняць».
Паводле звестак украінскай апазіцыі зараз на Майдане каля 500 тыс. чалавек. Радыё «Свабода» называе лічбу у 200 тыс.
Ю.В. паводле pravda.com.ua