Еўразвяз дагэтуль мае надзею на Украіну


У праекце выніковай дэкларацыі саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні захавалася згадка пра асацыяцыю з Украінаю.

У Вільні сёння вечарам пачнецца саміт «Усходняга партнёрства», у якім возьме ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. Асноўнаю падзеяй саміту мела стаць падпісанне асацыяцыі паміж Еўразвязам і Украінаю, аднак украінскія ўлады за тыдзень да саміту заявілі аб прыпыненні еўраінтэграцыі.

Журналістам радыё «Свабода» стаў даступны дакумент, які цяпер пільна вывучаюць прадстаўнікі 34 еўрапейскіх краінаў. У новым праекце дэкларацыі захаваўся такі радок: «Сёння было падпісанае пагадненне аб асацыяцыі паміж ЕЗ і Украінаю, уключаючы сферы паглыбленага і ўсёабдымнага свабоднага гандлю». Гэтая фармулёўка дае зразумець, што Еўразвяз сапраўды ўсё яшчэ дапускае магчымасць падпісання пагаднення з Украінаю.



З іншага боку, вызначальным стаў факт скасавання з праекту адсылкі на артыкул 49 Дамовы аб ЕЗ, якая абвяшчае: «Кожная еўрапейская дзяржава, якая паважае каштоўнасці… (ЕЗ), абавязваецца іх прытрымлівацца, можа звярнуцца з заяўкаю, каб стаць чальцом Звязу».

У новай рэдакцыі тэксту гаворкі аб інтэграцыі краінаў «Усходняга партнёрства» ў ЕЗ больш не ідзе, замест гэтага размытая фармулёўка пра тое, што «ўдзельнікі Віленскага саміту пацвярджаюць еўрапейскія памкненні ды еўрапейскі выбар некаторых краінаў-партнёраў ды іх адданасць пабудове глыбокай і трывалай дэмакратыі».

Падобныя змены маюць вялікае палітычнае значэнне, адзначае партал eastbook.eu. Гэта сведчыць, што ідэя пашырэння становіцца ўсё больш непапулярнаю ў Еўразвязе.

Выніковая рэдакцыя дэкларацыі будзе разгледжаная і, магчыма, змененая на саміце пры ўдзеле прадстаўнікоў усіх 34 дзяржаваў-чальцоў Еўразвязу і партнёраў.

МЯ, belsat.eu, паводле eastbook.eu

Стужка навінаў