Еўрапейскі дэдлайн Украіны


Шанцы на падпісанне дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ ёсць. «Мы гатовыя і дзверы адчыненыя. Дэдлайн – раніца пятніцы», – заявіў еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле.

Украіна не згубіла шанцу падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні. Гэтак адказаў еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле ўкраінскім журналістам у панядзелак.

«Я – аптыміст паводле прыроды і лічу, што надзея памірае апошняй. …Мы гатовыя і дзверы адчыненыя. Дэдлайн для гэтага, у прынцыпе, – раніца пятніцы», – сказаў еўракамісар.

Аднак яшчэ ў мінулую суботу ўкраінскі прэм’ер Віктар Азараў заявіў падчас выступу ў Вярхоўнай Радзе, што, улічваючы апошнія патрабаванні МВФ наконт крэдытаў, новых еўрапейскіх патрабаванняў Украіна не перажыве. «Апошняю кропляю, што змусіла прыняць такое рашэнне [непадпісанне Пагаднення аб асацыяцыі – belsat.eu] сталі патрабаванні МВФ. Мы вымушаныя павысіць амаль у два разы тарыфы ЖКГ, замарозіць заробкі, пенсіі ды сацыяльную дапамогу. Паважаная апазіцыя, вы згодныя з такімі патрабаваннямі МВФ. Я – не!».

Як вядома, саміт «Усходняга партнёрства» адбудзецца ў Вільні 28–29 лістапада.

Прыхільні еўрапейскага шляху Украіны надалей знаходзяцца на кіеўскім Майдане, які ўжо пачалі называць «Еўрамайданам». Учора мітынг спрабавалі разагнаць спецназаўцы.

Жывая трансляцыя з кіеўскага “Еўрамайдану” (магчымыя перабоі ў трансляцыі).



Ю.В. паводле pravda.com.ua, belsat.eu

Стужка навінаў