У Хоцімску пратэставалі супраць расейскіх базаў (Фота)


У цэнтры Хоцімску (Магілёўшчына) адбыўся санкцыянаваны ўладамі пікет супраць размяшчэння ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў.

Акцыю заявіў лідар Хоцімскай раённай арганізацыі Партыі БНФ Валерый Каранкевіч. Пікет праходзіў каля раённага цэнтру культуры і доўжыўся прыкладна гадзіну. Удзельнікі акцыі трымалі бел-чырвона-белы сцяг, сцягі Партыі БНФ і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», а таксама некалькі плакатаў.

«Хтосьці раздаваў інфармацыйныя матэрыялы, хтосьці стаяў у пікеце. Таму ў агульнай складанасці людзей было больш за заяўленую колькасць (да сямі чалавек), але на пікеце мы стараліся не парушаць дазволеныя нарматывы», – паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Паводле яго, акцыя «прайшла без эксцэсаў, міліцыя сачыла за падзеямі, у дварах стаяў аўтазак, але прэтэнзій не прад’яўлялі, дазволілі правесці пікет у адведзены час, нават не перашкаджалі раздачы матэрыялаў». «Усё, што мы хацелі, – зрабілі», – рэзюмаваў палітык.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў