Суд не вярнуў ліцэнзіі выдавецтву «ЛогвінаЎ» (дадалося відэа)


Найвышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адмовіўся прызнаць несапраўдным пастанову Міністэрства інфармацыі аб пазбаўленні ліцэнзіі прыватнага выдавецтва «ЛогвінаЎ». Такое рашэнне абвесціла сёння суддзя Таццяна Праташчык.

Падставаю для пазбаўлення ліцэнзіі стаў выпуск выдавецтвам фотаальбому «Прэс-фота Беларусі – 2011», які ў красавіку 2013 года суд Ашмянскага раёну прызнаў экстрэмісцкім.

{movie}Логвінаў: Кніжны рынак у Беларусі дэградуе|right|13356{/movie}Што казалі сведкі?

У сённяшнім працэсе выступілі сведкі з боку заяўніка – пісьменнік Уладзімір Арлоў, філосаф Ігар Бабкоў і фатограф Юлія Дарашкевіч.

У сваіх паказаннях яны падкрэслівалі, што працяг дзейнасці выдавецтва «ЛогвінаЎ» вельмі важны для развіцця беларускай культуры. Як заявіў Уладзімір Арлоў, сённяшняе судовае паседжанне – «гэта не руцінная справа: гаворка ідзе пра лёс аўтарытэтнага выдавецтва, вядомага не толькі ў Беларусі, але і за мяжой».

Юлія Дарашкевіч звярнула ўвагу на тое, што альбом «Прэс-фота Беларусі – 2011», прызнаны Ашмянскім раённым судом экстрэмісцкім ў красавіку 2013 года, да гэтага легальна ўвезлі ў Беларусь, да яго не было прэтэнзіяў з боку мытных органаў, ён распаўсюджваўся праз кніжную сетку і быў цалкам распрададзены.

Ці не страх канкурэнцыі ўсяму прычынай?

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які рэпрэзентуе інтарэсы Логвінава, спрабаваў высветліць ў прадстаўнікоў Мінінфарму, ці пазбаўленне ліцэнзіі не было падыктаванае страхам канкурэнцыі з боку выдавецтваў, падведамасных міністэрству.

Апроч таго, Бастунец запатрабаваў падаць доказ таго, што паседжанне калегіі Мінінфарму, якая прыняла рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі, было правамоцным, без парушэнняў працэдуры паседжання. Аднак суддзя зняла гэтыя пытанні, нібыта яны не мелі дачынення да справы, і прапанавала абскардзіць іх у адпаведных структурах.

Тры доказы

Андрэй Бастунец прывёў тры довады, па якіх загад мусілі адмяніць. Па-першае, адзначыў юрыст, выданне экстрэмісцкай прадукцыі не названае ў пераліку грубых парушэнняў палажэння аб ліцэнзаванні выдавецкай дзейнасці, на падставе якіх можна пазбавіць выдаўца ліцэнзіі.

Па-другое, альбом «Прэс-фота Беларусі», у сувязі з якім пазбавілі ліцэнзіі выдавецтва «ЛогвінаЎ», выдалі ў 2012 годзе, за год да прызнання яго экстрэмісцкім. «Гэтае рашэнне супярэчыць не толькі заканадаўству, але і тэорыі права», – сказаў ён. Для таго, каб прадказаць пастанову Ашмянскага суда за год да яе прыняцця, «Логвінаву» спатрэбілася б машына часу, дадаў юрыст.

Па-трэцяе, рашэнне пазбавіць «Логвінава» ліцэнзіі супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным пагадненням, бо гэта – «відавочнае абмежаванне і парушэнне свабоды слова».

Што казалі прадстаўнікі міністэрства?

Прадстаўнікі Мінінфарму адкінулі довады заяўніка. Яны, сярод іншага, адзначылі, што заканадаўства не абмяжоўвае тэрміны прынятых пастановаў. «Мы прынялі гэтае рашэнне, калі да нас паступіла рашэнне Ашмянскага суда», – заявілі прадстаўнікі Мінінфарму.

У залу суда – толькі з пашпартам

У залу паседжання людзей прапускалі толькі паводле пашпартоў. Журналістам загадалі пакінуць фота- і відэаапаратуру ў гардэробе. Ужо ў зале суддзя Праташчык асабіста правярала пашпарты ў тых, каго прапусцілі, і цікавілася, каго яны рэпрэзентуюць.

Незалежнае выдавецтва «ЛогвінаЎ» існуе з 2000 года. Займаецца выданнем сучаснай беларускай літаратуры, навуковай літаратуры па гуманітарных дысцыплінах, перакладамі на расейскую і беларускую мовы.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН
https://youtu.be/ZbTZsKwoRqA

Глядзі таксама
Каментары