Чаго гарадзенцам чакаць ад новага кіраўніка вобласці?


Уладзіміра Краўцова зацвердзілі на пасадзе старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. У абласным Савеце дэпутатаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта прэзентаваў яго, як «палітычна спелага кіраўніка».

Загартаваны партыец з Расеі

Уладзімір Краўцоў нарадзіўся ў 1953 годзе ў Ленінградскай вобласці. Вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце, пазней – у Акадэміі грамадскіх навук пры Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Савецкага саюзу.

Паводле першай спецыяльнасці працаваў толькі 4 гады, пазней пачаў займаць кіроўныя пасады. Спачатку – пасаду намесніка начальніка цэху, потым – інструктара камітэту Камуністычнай партыі на Магілёўшчыне, сакратара парткаму Магілёўскага аўтазаводу.

Пасля распаду СССР быў дырэктарам таварыства з дадатковаю адказнасцю «Трансэнерга-Захад», але неўзабаве ізноў вярнуўся ў чыноўніцкае крэсла. У 2001–2002 гадах займаў пасаду старшыні камітэту эканомікі ды рынкавых адносінаў Магілёўскага аблвыканкаму, у 2002–2007 гадах быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, а ў 2007–2012 гадах – першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму. З 2012 года – старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў эканамічнай палітыцы.

Замест «пенсіі» ў парламенце – кіраўніцтва вобласцю

На «другіх ролях» у Магілёўскім аблвыканкаме Уладзімір Краўцоў быў больш за дзесяць гадоў. Калі чыноўнік атрымаў дэпутацкі мандат, гэта выглядала як пачэсны «адпачынак» ад гадоў працы ў «вертыкалі».

Запомніце, я заўсёды казаў: вы – маленькія прэзідэнты на сваёй тэрыторыі!” – нагадаў Лукашэнка Сямёну Шапіру і Уладзіміру Краўцову.

Уладзімір Краўцоў узначальваў сталую камісію эканамічнай палітыкі, але, як вядома, роля і ўплыў парламенту ў гэтай галіне невялікая. І наступствы «пятнічнага разносу» былі наканечныя: ранейшы начальнік Краўцова – Барыс Батура – застаўся без пасады, кіраваць Менскай вобласці замест яго прызначылі Сямёна Шапіру. А крэсла Шапіры цяпер займае Краўцоў.

Аляксандр Лукашэнка даў зразумець новаму кіраўніку Гарадзеншчыны, што ён фактычна мае «развязаныя рукі».

«Запомніце, я заўсёды казаў: вы – маленькія прэзідэнты на сваёй тэрыторыі! – нагадаў Лукашэнка Сямёну Шапіру і Уладзіміру Краўцову. – Вы, як прэзідэнт, адказваеце за гэтую зямлю, вам дадзеныя вялізныя правы. Ніякіх кампартыяў і партыяў у вас няма, якія вам перашкаджаюць ці блытаюцца пад нагамі. Дзейнічайце! Вы даяце справаздачу толькі прэзідэнту… Вы агароджаныя з усіх бакоў».

Без «рэзкіх рухаў»

Нягледзячы на «карт-бланш», Аляксандр Лукашэнка заклікаў новага кіраўніка не рабіць «рэзкіх рухаў». «Пасля такога жорсткага кіравання вобласцю [з боку Шапіры – belsat.eu] будзе някепскім больш спакойны стыль, уласцівы Краўцову».

Пра ўраўнаважанасць Краўцова гаворыць і апазіцыйны палітык Рыгор Кастусёў. «Я сутыкаўся з ім у 2008–2009 годзе, калі адбываліся пратэсты прадпрымальнікаў у Магілёве. Падчас аднаго з мітынгаў пратэстоўцы патрабавалі перамоваў з кіраўніцтвам вобласці, да нас выйшаў з аблвыканкаму акурат Краўцоў. Менавіта ён быў пасярэднікам у перамовах паміж прадпрымальнікамі, якіх рэпрэзентаваў я, і кіраўніком аблвыканкаму Батурам. Ён угаварыў Бутуру сустрэцца з дэлегацыяй мітынгоўцаў. Тады ў мяне склалася ўражанне, што Краўцоў – ураўнаважаны і спакойны чалавек. За 4 гады, што мінулі з таго часу, магло здарыцца што заўгодна, але тады склалася менавіта такое ўражанне», – гаворыць палітык.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў