Школьнікаў выпраўляюць батрачыць на «Барысаўдрэве»


Старшакласнікаў са школы № 6 накіроўваюць прыбіраць тэрыторыю скандальнага барысаўскага прадпрыемства, дзе кіраўнік дзяржавы зладзіў «пятнічны разнос». Прычым вучні, якія спазняюцца на ўрокі, ідуць адрабляць працоўную павіннасць фактычна «аўтаматам».

Сярэдняя школа № 6 месціцца на вуліцы Ленінскай, непадалёк ад дрэваапрацоўчага прадпрыемства.

«Гэта праўда! Класная кіраўніца майго сына пыталася дазволу на ягоную працу ў прыбіранні тэрыторыі «Барысаўдрэву»! Учора а 14.00 бацькі пецярых хлапчукоў далі згоду, двое з тых, што спазніліся на ўрокі, таксама як пакараных накіравалі туды ж! Майму дзіцяці вучыцца яшчэ два гады! Куды нам падзецца?» – не можа стрымаць эмоцыяў маці школьніка.

Дарэчы, гэтая «працоўная павіннасць» распаўсюджваецца не толькі на вучняў, але і на настаўнікаў школы.

Навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэю (колішняя ПТВ № 62) таксама мусяць адпрацаваць на прыбіранні тэрыторыі барысаўскай «запалкі».

«На ААТ «Барысаўдрэў» былі не толькі навучэнцы СШ № 6, але і СШ № 7, 22, а таксама навучэнцы іншых навучальных установаў. Да 8.00 сабралася больш за 100 дзяцей з выкладчыкамі ды нават дырэктарамі школаў (дырэктарка СШ № 7 Інэса Зелянкевіч са сваім намеснікам, выкладчыкі фізкультуры ды іншыя). Да 14.00 на прадпрыемства прыбыла «зборная» чыноўнікаў – работнікі аддзелаў адукацыі, культуры, ДК – пераважна жанчыны сярэдняга і сталага ўзросту. Гэтыя каманды ачышчалі схілы паміж вытворчымі пляцоўкамі ды поймаю ракі ад хмызняку», – паведаміў сайту barysau.by чытач.

На самім прадпрыемстве тым часам тры наступныя суботы ўжо абвешчаныя суботнікамі, на якія абавязаныя прыйсці ўсе працоўнікі заводу. Да ліпеня, калі «Барысаўдрэў» чакае новая праверка, пра звальненні адміністрацыя параіла забыцца (раней Лукашэнка падпісаў для дрэваапрацоўчай прамысловасці прыгонны дэкрэт).

Намесніца дырэктара ў выхаваўчай частцы СШ № 6 адмовілася адказваць на пытанні, заявіўшы, што нічога не ведае, і параіла звяртацца непасрэдна да дырэктаркі Наталлі Кажэўкі, і «наагул, ад бацькоў ніякіх скаргаў ці заяваў не паступала».

Разам з тым вучаніцы 9-га класа СШ № 22 пацвердзілі barysau.by, што «хлопчыкаў 9–11 класаў ужо ганялі працаваць на «Барысаўдрэў», асабліва тых, хто спазняўся на ўрокі».

Дырэктарка Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэю Алена Зяблікава патлумачыла «працоўную павіннасць» сваіх вучняў так: «Замест заняткаў мы не працуем. Але ў нас сапраўды вялікая і важная будоўля, і мы разумеем важнасць аб’екту. У горадзе шмат аб’ектаў, якія мы дапамагаем як будаўнікі будаваць. А будоўля пачынаецца з прыбірання смецця».

Ю. В., паводле barysau.by

Стужка навінаў