Беларуска, якая перамагла рак: Я думала, што больш ніколі не буду ўсміхацца


«Са мною адбыўся цуд», – падзялілася ў «Размове Калінкінай» каардынатарка групы падтрымання анкалагічна хворых Ірына Жыхар.



Спадарыня Ірына прызналася, што належала да групы людзей, якія звяртаюцца да лекара толькі ў скрайніх выпадках. Яшчэ восенню 1993 года маладая настаўніца заўважыла, што ў яе на твары з’явілася пухліна, але не звяртала на гэта ніякай ўвагі. «У мяне было шмат іншых справаў. Я – малады завуч, якая праводзіць рэспубліканскія нарады для сваіх калегаў, якая рыхтуе выпускны са сваймі вучнямі, бо першы выпуск у школе. У мяне было столькі творчых планаў, плюс асабістыя планы – у мяне быў каханы чалавек. Якое тут нездароўе? Ну, нешта расце – і хай расце».

{movie}Беларуска, якая перамагла рак: Я думала, што больш ніколі не буду ўсміхацца|right|13261{/movie}

Толькі непрыхаваны страх у вачах ейнай каляжанкі, калі тая пабачыла пухліну, змусіў жанчыну паехаць у шпіталь. Спадарыня Ірына выпадкова даведалася, што мае рак на 4 стадыі, атрымаўшы бальнічную карту ў рукі. Тады быў такі час, калі анкалагічна хворым не казалі ў вочы іхны дыягназ. «Я страціла прытомнасць. Я была настолькі ўпэўненая, што ў мяне гэтага не можа быць, што, калі гэта прачытала, вымушаная была пайсці ў лес. Я нічога не ўсведамляла, мяне проста калаціла. Бо гэтае слова для мяне азначала смерць і я зразумела, што я паміраю». Праз гадзіну жанчына вярнулася, а яе ўжо шукалі. Лекарка, пабачыўшы спадарыню Ірыну, прамовіла тады: «Я думала, вы пайшлі тапіцца».

Пацыентам трэба казаць пра сапраўдны дыягназ, схіляецца дзяячка. «Калі б я не ведала свайго дыягназу з самага пачатку, то не шукала б магчымасці дапамагчы дактарам мяне вылекаваць. Бо анкалагічнае захворванне – гэта такая хвароба, якая лечыцца толькі супольна, разам з дактарамі».

Спадарыня Ірына ўпэўненая, што з ёю адбыўся цуд, бо шанцы нармальнага функцыянавання пасля аперацыі былі надзвычай малыя. Магло быць і так, што пасля аперацыі жанчыне ніколі б не ўдалося больш усміхнуцца. «Пухліна была ўжо вялікая на твары і доктар казаў: ёсць толькі 5 %, што твар захаваецца. Я бачыла людзей пасля такіх аперацыяў, калі твар проста з’язджае ўбок. І гэта не маска, гэта на ўсё жыццё». Аперацыя, аднак, скончылася паспяхова.

Калі праз некалькі гадоў хвароба вярнулася да спадарыні Ірыны, жанчына зноў змагла пераадолець гэтае выпрабаванне. Асабісты досвед змагання, у сваю чаргу, стымуляваў дзяячку актыўна ўключыцца ў грамадскую дзейнасць і аказваць дапамогу блізкім.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў