Беларускі талент-самародак дае канцэрты, даглядаючы кароў


Як зберагаць духоўную ды матэрыяльную спадчыну роднага краю, працуючы ў калгасе і трымаючы вялікую гаспадарку, можна павучыцца ў жыхара вёскі Судзілы Клімавіцкага раёну ды патомнага шляхціца Аляксандра Галкоўскага.

Аляксандр Галкоўскі – вядомы ў сваім рэгіёне чалавек. У сваёй хаце ў вёсцы Судзілы ён зладзіў сапраўдны музей, сабраўшы з ваколіцы старыя прылады сельскагаспадарчай працы, рэдкія абразы, багатую калекцыю народных касцюмаў, ручнікоў, саматканых посцілах і шматлікія вязаных рэчаў.

{movie}Аляксандр Галкоўскі. “Эх, як пайду ж я”|right|13247{/movie}Спадар Галкоўскі – вядомы пчаляр, які мае адну з самых вялікіх у раёне пасек — больш за восемдзясят вулляў, самі старажытны пчаліны домік застаўся вяскоўцу яшчэ ад прадзеда-шляхціца і мае каля 100 гадоў. Спадар Галкоўскі – знакаміты шапавал, які вырабляе валенкі. Разам з усёй сям’ёй мужчына займаецца пляценнем паясоў, аднавіўшы старую методыку ткацтва.

Сям’я Галкоўскіх трымае вялікую гаспадарку: каровы, каня, авечак ды птушак ды прытрымліваюцца думкі, што свае прадукты нашмат смачнейшыя за магазінныя. У cпадара Аляксандра трое дзяцей – дачка Дар’я, сыны Захар і Аляксандр. Дачка выконвае зараз абавязкі дырэктара краязнаўчага музея ў Клімавічах.

{movie}Аляксандр Галкоўскі. Жніўная песня “Пшанічанька мая ярая”|right|13248{/movie}Спадар Аляксандр – знаўца мясцовага фальклору і самабытны выканаўца архаічных песняў. Праўда, свой талент ён мае магчымасць прадэманстраваць, бадай, толькі ў рабоце. Для збіральнікаў фальклору ён спявае старыя песні, пачутыя ў родных мясцінах, у полі, пасвячы короваў, або падчас працы на калгаснай ферме. У спадара Аляксандра ўнікальны голас ды непаўторная, эмацыйная манера выканання, калі, здаецца, ён цалкам атаясамліваецца з песняю. Пакуль, праўда, талентам вясковага смародка цікавяцца такія ж апантаныя аматары, як і ён. Калі б у Беларусі існаваў конкурс талентаў, як гэта ёсць ва Украіне ці Польшчы, спадар Галкоўскі мог бы стацца, напэўна, адным з фаварытаў творчых змаганняў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў