Беларускую культуру расейцам пакажуць у конкурсе прыгажосці


Дванаццаць дзяўчатаў возьмуць удзел у конкурсе «Нацыянальная прыгажуня Яраслаўля – 2013». Удзельніцы рэпрэзентуюць, да прыкладу, беларускую, вайнахскую, нямецкую культуру. Сама ж імпрэза адбудзецца ў Дзень нацыянальнага адзінства Расеі.

Арганізатары конкурсу адзначаюць, што імпрэза не будзе стандартным конкурсам прыгажосці ў яго звыклым разуменні. Суддзі будуць ацэньваць не рост ці фігуру, а ўнутраны свет канкурсантак. Журы зверне ўвагу на духоўнасць і адукаванасць дзяўчат, ацэніць іхнае абаянне і ўменне развесяліць гледача.

Кожная ўдзельніца выступае адмысловым паслом сваёй роднай культуры і мае ўвасобіць яе ўнікальнасць. Дзяўчаты пакажуць звычаі ды традыцыі сваіх народаў, рэпрэзентуюць стравы нацыянальнай кухні ды прадэманструюць свае таленты. Жыхары Яраслаўля, у сваю чаргу, змогуць адкрыць для сябе нябачаны раней нацыянальны каларыт.

Беларускую культуру ў Яраслаўлі пакажа Анна Богуш, якая працуе ў міжнароднай кампаніі «Анкор». Падтрымаць нашую зямлячку можна, прагаласаваўшы ў інтэрнэце.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў