Прэзідэнтам - саміт, менчукам - заторы


З-за візіту прэзідэнтаў постсавецкіх краінаў, жыхары ды госці Менску вымушаныя перагледзець, а то і змяніць свае працоўныя планы ды пастаяць у дарожных корках. Сёння і яшчэ заўтра ў сталіцы праходзіць саміт СНД і Найвышэйшы еўразійскі эканамічны савет. З-за гэтага абмежавалі рух транспарту, інспектары ДАІ працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, паўсюль людзі ў цывільным і радыёперамовы.

Чацвер – паседжанне Еўразійскага эканамічнага савету, пятніца – саміт кіраўнікоў краінаў СНД. Гэтыя падзеі на два дні змянілі нармальны рытм жыцця ў Менску. Але што адбываецца, не ўсе да канца разумеюць. Некаторыя з апытаных менчукоў нават не ведаюць, як расшыфраваць СНД – Садружнасць Незалежных Дзяржаваў.

{movie}Рэжым саміту|right|13035{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Гэта ўжо састарэлае ўтварэнне, цяпер ужо новыя ўтварэнні, больш сучасныя».
«Саюз разваліўся, але ж сувязі так хутка нельга адсекчы нажыва. Хаця ўжо больш за 20 гадоў прайшло».
«Вось калі б мы былі ў Еўразвязе, можа быць, нейкая карысць была б адчувальная, як у Літве, у Польшчы ды гэтак далей. А так, па СНД, што мы туды ўваходзім, нічога, нічога не адчуваецца».

Тым часам у дзяржаўных медыях прэзідэнцкія сустрэчы ў Палацы Незалежнасці асвятляюць як асабістыя перамогі Аляксандра Лукашэнкі.

ВЯДОЎЦА НАВІНАЎ НА ДЗЯРЖАЎНЫМ ТЭЛЕБАЧАННІ:
«Сёння Менск стаў сталіцаю інтэграцыйных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы».

У Менску ўжо сабраліся прэзідэнты Расеі, Украіны, Казахстану і Таджыкістану. Кыргызстан зрабіў чарговы дэмарш, даслаўшы ўсяго толькі першага віцэ-прэм’ера. Такім чынам Бішкек падкрэслівае непрыняцце празмернай гасціннасці Лукашэнкі. Бо ў Менску знайшлі прытулак экс-прэзідэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў і ягоны брат Жаныш, абвешчаныя ў міжнародны вышук паводле абвінавачання ў забойствах падчас дзяржаўнага перавароту.

Аднак гаспадару сустрэчаў, відавочна, важнейшыя не пагадненні аб выдачы злачынцаў, а роля збіральніка зямель савецкіх.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ:
«Сімвалічна, што Менск ёсць месцам, дзе атрымліваюць пуцёўку ў жыццё найважнейшыя інтэграцыйныя пастановы».

Цікавыя інтэграцыйныя ідэі сёння сапраўды прагучалі. Напрыклад, прэзідэнт Казахстану прапанаваў распусціць Еўразійскую эканамічную супольнасць – ЕўрАзЭс – ды прыняць у Мытны саюз Турцыю. А расейскі прэзідэнт паведаміў, што да Мытнага саюзу праяўляе цікавасць Індыя.

Тым часам менчукам не да геапалітыкі. Сталіца падладжваецца пад збоі, выкліканыя правядзеннем саміту. Найперш у нацыянальным лётнішчы, дзе прыбыцці высокіх гасцей выклікалі вялікія затрыманні ў прылётах-вылетах грамадзянскіх бартоў. А працаўнікі заводу «Атлант», што насупраць Палацу Незалежнасці, атрымалі заўтра выходны, працоўны дзень перанеслі на суботу 16-га лістапада. Аднак больш за ўсё неразбярыхі атрымаюць сёння і заўтра аўтаўладальнікі.

ДЗЯРЖАЎТАІНСПЕКЦЫЯ МЕНСКУ:
«Будзе часова абмежаваны рух па праспектах Незалежнасці, Пераможцаў, Менскай кальцавой аўтадарозе, вуліцы Арлоўскай. Акрамя гэтага, магчымыя карэкціроўкі ў арганізацыі дарожнага руху па іншых цэнтральных вуліцах Менску. Сталічная ДАІ рэкамендуе кіроўцам улічваць гэтую інфармацыю і выключыць пазначаныя ўчасткі вулічнай транспартнай сеткі са сваіх маршрутаў, а таксама, па магчымасці, адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту ў гэтыя дні».

Хто карыстаецца толькі метро, асабліва не скардзіцца на перакрытыя вуліцы.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Нармальна, калі трэба, то можна і перакрыць. Падумаеш. Гэта ўсё-ткі саміт. Прыехаў Пуцін і ўсе астатнія там».
«Як трэба, дык трэба дзесьці прыпыніцца дзесьці».
«Патрываем, нічога страшнага, я разумею, што ў кожнай краіне гэта ёсць».

А хто ездзіць на сваёй машыне, адчувае іншыя эмоцыі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Стаіш у корках па гадзіне, калі едзе прэзідэнцкі картэж…».
«Перакрыванне вуліцаў і загрувашчвае, і павялічвае коркі ды час перамяшчэння. Кіроўцы нервуюцца».

Кіроўцы – ладна. Хоць бы толькі снайперы не нерваваліся.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў