ЦВК «зрабіў ласку» Уладзіміру Някляеву?


На паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў даваў тлумачэнні аб сваім месцы пражывання з 1999 да 2003 г.

У 1999 г. Уладзімір Някляеў выехаў з Беларусі, аднак неаднаразова прыязджаў у Менск. У шэрагу медыяў тым не менш прагучалі сумневы ў праве Уладзіміра Някляева балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, бо, паводле беларускага заканадаўства, кандыдат на прэзідэнта апошнія дзесяць гадоў мусіў жыць у Беларусі.

Уладзімір Някляеў заявіў чальцам ЦВК, што гэта не быў выезд за мяжу на сталы побыт. “Я пастаянна тут быў прапісаны і пастаянна тут знаходзіўся”, – падкрэсліў палітык. Словы Уладзіміра Някляева падмацаваныя выпіскамі з ЖЭСу аб прапісцы і звесткамі аб атрыманні новага пашпарту на тэрыторыі Беларусі ў перыяд з 1999 да 2003 г.

Тым часам сакратар ЦВК Мікалай Лазавік працытаваў артыкул з газеты “Праўда Някляева”, дзе палітыка называюць “першым дзеячам беларускай культуры, які эміграваў з Беларусі з палітычных матываў”. “Дзе ж праўда?” – задаўся пытаннем Мікалай Лазавік.

Старшыня ЦВК прапанавала зарэгістраваць ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева, згадаўшы пры гэтым сітуацыю з Зянонам Пазняком, ініцыятыўную групу якога зарэгістравалі нягледзячы на ягоную адсутнасць у краіне.

belsat.eu

Стужка навінаў