Выйшла з друку Біблія па-беларуску, перакладзеная з арыгінальных моваў


Пастар менскай хрысціянскай евангелічнай супольнасці «Ян Прадвеснік» Антоні Бокун паведаміў, што быў надрукаваны пераклад Бібліі з арыгінальных моваў – старажытнагабрэйскай і старажытнагрэцкай – на беларускую.

Выйшаў з друку пераклад Бібліі на беларускую мову з арыгінальных моваў.
Фота: Антоні Бокун / Facebook

Над гэтым перакладам Антоні Бокун працаваў 12 гадоў.

«Напрыканцы 2023 года Госпад даў магчымасць надрукаваць Біблію па-беларуску ў перакладзе са старажытнагабрэйскай і старажытнагрэцкай моваў. Я пачаў гэты пераклад у 2011 годзе і з Божай дапамогай скончыў у 2023 годзе. Няхай Госпаду будзе ўся слава! Таксама вялікая падзяка ўсім, хто спрычыніўся да гэтага выдання», – напісаў пастар на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Гэтае выданне Бібліі нельга набыць, але можна атрымаць бясплатна ў Менскай багаслоўскай семінарыі Саюзу евангельскіх хрысціянаў баптыстаў па адрасе: вул.Райніса, 6, Менск, ці ў Тэалагічным інстытуце хрысціянаў веры евангельскай: вул.Гурскага, 48, Менск.

Таксама Біблію па-беларуску можна чытаць праз мабільныя прыкладанні YouVersion і MyBible ды на сайтах: www.bible.by, www.biblia.by, www.biblija.by.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў