Пракурорка запатрабавала смяротнае пакаранне для абвінавачанага ў забойстве 3-гадовага сына


У Слуцку працягваецца суд над бацькамі забітага 3-гадовага хлопчыка. Гэтак, 16 кастрычніка пракурорка запатрабавала смяротнае пакаранне для бацькі хлопчыка, Аляксандра Таратуты. Для маці забітага дзіцяці – Анастасіі Таратуты – абвінавачанне просіць 25 гадоў калоніі строгага рэжыму, паведамляе «Sputnik Беларусь». 

Абвінавачаныя Аляксандр і Анастасія Таратуты ў судзе. Скрыншот з відэа: sputnikby / Telegram

Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні Аляксандра і Анастасіі Таратутаў, якіх абвінавачваюць у катаванні і забойстве з асабліваю жорсткасцю сына, пачаліся 3 кастрычніка. Справу разглядае Менскі абласны суд у выязным паседжанні.

Трагедыя здарылася ў студзені 2023 года ў Слуцку па месцы жыхарства абвінавачаных. Раней у Генпракуратуры паведамлялі, што бацькі ў прысутнасці трох іншых малалетніх дзяцей збілі свайго трохгадовага сына з асабліваю жорсткасцю, ударыўшы дзіця не менш як 14 разоў. Калі хлопчык быў мёртвы, яны выклікалі хуткую дапамогу.

«Калі мы прыехалі на выклік наконт дзіцяці, якое памірае, мы ўбачылі, што яно абсалютна голае. Ён быў у стане клінічнай смерці», – распавёў работнік хуткай дапамогі ў судзе. Паводле ягоных словаў, дзіця было вельмі худое, «яно не ўпісвалася ў паняцце звычайнага дзіцяці, у тры гады паводле вагі яно было з выгляду як аднагадовае, у яго быў уздуты жывот, што ёсць прыкметай бялкова-энергетычнай недастатковасці», – расказаў медык. Акрамя гэтага, медыкі паведамілі, што ў дзіцяці пры аглядзе былі выяўленыя як даўнія траўмы, так і свежыя.

Паводле інфармацыі следства, бацькі рэгулярна збівалі дзіця і здзекаваліся з яго. Хлопчыка прымушалі спаць голым на падлозе на кухні, білі тапкам па вуснах, апускалі галавой у вядро з вадой.

Вядома, што абвінавачаныя моцна збілі дзіця, калі яму было 8 месяцаў. Яны нанеслі яму не менш як 27 удараў, у тым ліку 20 па галаве, пасля чаго хлопчыка змясцілі ў рэанімацыю. Апроч гэтага абвінавачаныя не вадзілі дзіця на прагулкі, хоць гулялі з іншымі дзецьмі, дрэнна яго кармілі.

На судзе абвінавачаны бацька распавядаў, што дзіця раздражняла і яго, і ягоную жонку, бо спаражнялася ў адзенне, «крала са стала і разбівала талеркі». Таксама ён паведаміў следчым, што «пачаў біць (дзіця) прыстойна з двух гадоў». Таксама падчас паседжання суда праглядалі відэа, знятае абвінавачанымі. Яны здымалі, як здзекаваліся з сына, дражнілі звязанае галоднае дзіця ежаю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў