Што азначае жорсткая рыторыка Хрэніна і візіт міністра абароны КНР у Менск


Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, выступаючы 15 жніўня ў Маскве на канферэнцыі, прысвечанай бяспецы, заявіў пра пагрозу адкрытага вайсковага канфлікту з NATO. У маскоўскай канферэнцыі таксама прымаў удзел міністр абароны КНР Лі Шан Фу, які цяпер наведвае Менск. Навошта Лі Шан Фу прыляцеў у Беларусь і чаму Хрэнін перад гэтым візітам выступіў з настолькі жорсткай антызаходняй рыторыкай?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
Фота: mil.by

У сваім выступе 15 жніўня Хрэнін заявіў, што Захад рыхтуецца да глабальнай вайны з Усходам. Прычым пад Усходам міністр разумее не толькі Беларусь і Расею, а наогул усе краіны, «гатовыя супрацьстаяць заходняму панаванню».

«Выснову можна зрабіць адназначную: магчымасць адкрытага вайсковага сутыкнення з NATO ў будучыні робіцца вельмі відавочнай. На сённяшні дзень усе маскі скінутыя», – падкрэсліў міністр.

Паводле Хрэніна, адзінае, што цяпер перашкаджае Захаду распачаць буйнамаштабную вайну – гэта пагроза ядравага ўдару. Таму Беларусь разглядае тактычную ядравую зброю як фактар стратэгічнага стрымлівання, адзначыў ён. Акрамя таго, міністр абвінаваціў Захад у рабаўладанні, неакаланіялізме, проксі-вайне ва Украіне і «раздзяленні славянскіх народаў».

У словах Хрэніна не было нічога прынцыпова новага: аналагічныя прапагандысцкія тэзісы пра заходнюю пагрозу ён у той ці іншай форме паўтарае рэгулярна. Аднак былі дзве акалічнасці, на якія варта звярнуць увагу. Па-першае, цяпер ён малюе адкрыты ўзброены канфлікт з NATO як нешта амаль непазбежнае. Па-другое, радыкальная рыторыка моцна кантрастуе з апошнімі выказваннямі Лукашэнкі пра гатовасць наладжваць стасункі з Польшчай. Ужо не кажучы пра заяву ад 28 красавіка, калі самаабвешчаны кіраўнік Беларусі адназначна сцвярджаў, што «ніхто на нас нападаць не збіраецца».

Аналітыка
Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф
2023.06.14 19:42

Як зрабіць прыемна Крамлю

Падзеі апошніх гадоў паказваюць, што ваяўнічая рыторыка рэжыму Лукашэнкі можа быць як прапагандысцкім выкрутам, так і рэальным сігналам да ўзброенай эскалацыі. Напрыклад, у пачатку 2022 года мілітарысцкая істэрыя і заявы пра ўзяцце Кіева за 3-4 дні паслядоўна рыхтавалі глебу да ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. А восенню 2022-га заявы лукашэнкаўскіх генералаў пра рыхтаванне нападу на Беларусь аказаліся проста нагнятаннем страху, а не пошукам casus belli.

Аналітыка
Перад 24 лютага і цяпер. Як рэжым Лукашэнкі паўтарае адзін і той жа сцэнар эскалацыі
2022.10.18 19:12

У выпадку з прамоваю Хрэніна важна разумець, дзе і пры якіх абставінах ён гэта казаў.

Маскоўская канферэнцыя міжнароднай бяспекі была заснаваная ў 2012 годзе ў якасці альтэрнатывы Мюнхенскай канферэнцыі, што праводзіцца пад эгідаю краінаў NATO. Калі ў першых форумах бралі ўдзел прадстаўнікі ЗША і Паўночнаатлантычнага Альянсу, то пасля маскоўская канферэнцыя ператварылася ў сустрэчу даволі вузкага кола краінаў, з якімі Крэмль яшчэ не паспеў сапсаваць адносіны. Пры дапамозе форуму расейскае кіраўніцтва спрабуе стварыць ілюзію таго, што Расея не трапіла ў міжнародную ізаляцыю і нібыта мае шмат саюзнікаў, гатовых разам Крамлём супрацьстаяць Захаду.

Выразнай ілюстрацыяй таго, што прапаганда на такіх форумах дамінуе, можна лічыць прамову дырэктара Службы вонкавай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна, які на поўным сур’ёзе распавядаў пра духоўнасць, ерэтыкоў, пагрозу трансгендараў і біямеханоідаў (біямеханоід – выдуманыя кібаргі з фантастычнай літаратуры і камп’ютарных гульняў). Таму жорсткая рыторыка Хрэніна цалкам адпавядала прызначэнню канферэнцыі: у першую чаргу гэты выступ трэба разглядаць як спробу дагадзіць Крамлю сваім антызаходнім радыкалізмам. Выглядала б нават дзіўна, калі б на такім спецыфічным мерапрыемстве прадстаўнік афіцыйнага Менску не лаяў Захад і не палохаў бы ўсіх вайною – гэта дало б нагоду для чутак пра раскол паміж хаўруснікамі.

Акрамя таго, варта звярнуць увагу на тое, што дэманізацыя Захаду ў прамове Хрэніна выконвала функцыю апраўдання размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі. А такое апраўданне на міжнародным узроўні Беларусі вельмі патрэбнае, бо нават сярод «сяброўскіх» краінаў гэты крок быў успрыняты неадназначна. У прыватнасці, Кітай не раз падкрэсліваў, што выступае супраць размяшчэння ядравай зброі за межамі дзяржаваў-уладальніц.

Кітай: за ўсё добрае, супраць усяго кепскага

Удзел у такім форуме міністра абароны КНР некаторыя заходнія эксперты расцанілі як кепскі сігнал, які дэманструе, што Пекін падтрымлівае Маскву ў яе агрэсіўнай палітыцы. Візіт міністра абароны, чальца Дзяржаўнага савету КНР Лі Шан Фу на канферэнцыю сапраўды мае сімвалічнае значэнне, аднак перабольшваць яго не трэба.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу правёў сустрэчу з міністрам абароны Кітаю Лі Шан Фу ў рамках Маскоўскай канферэнцыі міжнароднай бяспекі. 15 жніўня 2023 года.
Фота: Министерство Обороны Российской Федерации / Telegram

Прамова кітайскага міністра не мела нічога агульнага з рыторыкай калегаў з РФ і Беларусі пра глабальную вайну Захаду і Усходу. Выступ быў вытрыманы падкрэслена ў міралюбівых тонах, не змяшчаў адкрытых нападаў на краіны Захаду (хоць прыхаваная крытыка палітыкі ЗША прысутнічала) або падтрымання аднаго з бакоў у вайне Украіны і РФ. Са словаў Лі Шан Фу, вайсковая супраца з Расеяй не накіраваная на трэція краіны і заснаваная на адмове ад антаганізму. Чырвонай ніткай у выступе праходзіла думка, што Кітай адкрыты для ўсіх: напрыклад, прадстаўнік КНР выказаў гатовасць павышаць узровень вайсковых стасункаў з краінамі ЕЗ.

Лі Шан Фу правёў у рамках маскоўскай канферэнцыі сустрэчу з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу. Але не толькі з ім: у кітайскага міністра двухбаковыя перамовы ў тым жа фармаце адбыліся з вайсковым кіраўніцтвам Ірану, Саудаўскай Аравіі, В’етнаму і Казахстану. Калі арыентавацца выключна на афіцыйныя паведамленні, то няма падставаў казаць, што ў параўнанні з астатнімі сустрэча з Шайгу была больш змястоўнай або цёплай. Важна таксама падкрэсліць, што маскоўскія сустрэчы Лі Шан Фу не выйшлі за межы форуму. Хаця калі кітайскі міністр наведваў Маскву ў красавіку, то ён праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Імаверна, пасля мірнага саміту ў Джыдзе, удзел у якім кітайскай дэлегацыі быў расцэнены як спроба дыстанцыявацца ад Крамля, Пекіну было важна паказаць, што адмаўляцца ад сяброўства з Расеяй і кардынальна мяняць свой курс ён не збіраецца. Аднак і дэманстраваць празмернае збліжэнне з Масквой КНР яўна не мае намеру.

Аналітыка
Барацьба за глабальны Поўдзень. Ці спрацуе формула міру ў вайне Украіны і Расеі?
2023.08.10 07:06

Місія Лі

Куды больш цікавым на гэтым фоне падаецца прыезд Лі Шан Фу ў Менск.

Па-першае, візіт прадстаўніка КНР такога ўзроўню зусім не шараговая справа. Мінулы раз кіраўнік Мінабароны Кітаю наведваў Беларусь у красавіку 2018 года – тады гэта быў яшчэ папярэднік Лі Шан Фу, Ўэй Фэн Хэ. Па-другое, візіт у Менск будзе ўключаць у сябе не толькі сустрэчу з Хрэніным, але і наведванне некаторых вайсковых аб’ектаў, а таксама, імаверна, сустрэчу з Лукашэнкам. Такі распарадак візіту паказвае на тое, што яго не варта разглядаць выключна як даважку да маскоўскай канферэнцыі – у рэшце рэшт, Лі і Хрэнін маглі правесці перамовы і на палях форуму.

Лі Шан Фу прыляцеў у Менск раніцай 16 жніўня і на момант напісання тэксту двухбаковыя перамовы з кіраўніцтвам Мінабароны яшчэ не скончыліся. Афіцыйная хроніка складаецца з дзяжурных заяваў пра сяброўства, павагу і супрацу. Кідаецца ў вочы толькі незвычайны дрэс-код кітайскага міністра. Лі прыляцеў у Менск і правёў папярэднюю сустрэчу з Хрэніным у цывільным адзенні – прычым нават не ў дзелавым касцюме, а проста ў кашулі. Што даволі дзіўна для афіцыйнага візіту. Складана сказаць, была гэта выпадковасць, выкліканая спякотай у Менску, або свядомы сігнал – з’яўленне вайсковага чалавека ў цывільным заўсёды счытваецца ў публічнай прасторы як пасыл залагоджвання. Праўда, пазней, падчас перамоваў у пашыраным складзе, кітайскі міністр ужо апрануў свой генеральскі мундзір.

Важна адзначыць, што візіт Лі Шан Фу адбываецца ў кантэксце значнага росту напружанасці ў стасунках Беларусі з суседзямі, што было выкліканае размяшчэннем ПВК Вагнэра ў краіне і агрэсіўнымі выказванні пра «экскурсію» ў Жэшаў і Варшаву. Польшча, Літва і Латвія цяпер умацоўваюць абарону на мяжы з Беларуссю і ў выпадку правакацыі гатовыя цалкам перакрыць памежны рух. Узброены канфлікт або проста закрыццё межаў, у сваю чаргу, можа наўпрост закрануць інтарэсы Кітаю – перашкодзіць транзіту ў Еўропу. А выкарыстанне транзітнага патэнцыялу Беларусі – гэта адзін з ключавых пунктаў супольнай беларуска-кітайскай Дэкларацыі аб устанаўленні стасункаў усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, якой летась вельмі хваліўся афіцыйны Менск.

Аналітыка
КНР і Беларусь заявілі пра «гістарычны ўздым» узроўню супрацы. Што гэта значыць?
2022.09.16 18:50

Таму інтарэс Кітаю да сітуацыі ў Беларусі выглядае цалкам заканамерна: у Пекіне хочуць зразумець, як далёка можа зайсці крызісная сітуацыя. Нельга выключаць, што Лукашэнка, адпраўляючы Хрэніна ў Маскву з жорсткай антызаходняй прамовай, разлічваў, каб потым візіт Лі Шан Фу выглядаў як сімвалічнае падтрыманне Беларусі ў яе непрымірымым супрацьстаянні з Захадам. Аднак Пекін, імаверна, не стане заахвочваць Лукашэнку да эскалацыі, хутчэй наадварот – паспрабуе перасцерагчы ад неабдуманых крокаў і абвастрэння канфлікту на мяжы з ЕЗ.

Наколькі эфектыўным стане візіт Лі Шан Фу ў Беларусь, стане зразумела не адразу. Публічная інфармацыя пра перамовы ў Менску, хутчэй за ўсё, будзе пазбаўленая ўсялякай канкрэтыкі, што пакіне вялікую прастору для розных інтэрпрэтацыяў.

Аб’ектыў
Беларусаў рыхтуюць да вайны?
2023.08.15 23:58

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў