КНР і Беларусь заявілі пра «гістарычны ўздым» узроўню супрацы. Што гэта значыць?


15 верасня ў Самаркандзе, дзе адбываецца саміт Шанхайскай арганізацыі супрацы, Аляксандр Лукашэнка і лідар Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Пін ўхвалілі супольную Дэкларацыю аб устанаўленні стасункаў усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Belsat.eu распавядае, што гэта за дакумент.

Cаміт Шанхайскай арганізацыі супрацы. Самарканд, Узбекістан. 16 верасня 2022 года.
Фота: Iranian Presidency / Zuma Press / Forum

Як развіваліся стасункі КНР і Беларусі ў апошнія гады

Сустрэча ў Самаркандзе была першай сустрэчай Лукашэнкі і Сі Цзінь Піна за апошнія амаль тры з паловаю гады – з красавіку 2019 года, калі Лукашэнка наведаў Кітай. Чакалася, што вясной 2020 года кітайскі лідар наведае Беларусь, візіт ужо рыхтаваўся, але праз пандэмію каронавіруса планы былі скасаваныя. Наогул ніводнай вочнай сустрэчы на высокім узроўні (у тым ліку з удзелам кіраўнікоў урадаў, парламентаў і г. д.) з таго часу не адбылося.

Сі Цзінь Пін быў першым, хто павіншаваў Лукашэнку з «перамогай» на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Але на фоне працяглага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі цікаўнасць КНР да развіцця стасункаў з афіцыйным Менскам заўважна знізілася. 

Былі і прыкметы выразнага дыстанцыянавання. У лютым 2022 года Лукашэнка не быў запрошаны на ўрачысты банкет з нагоды адкрыцця Алімпіяды ў Кітаі. Прычына – заходнія санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага старэйшага сына Віктара.

«Імпрэзу ладзіць МАК. Яны жорстка паставілі перад Пекінам пытанне. Мы ў гэта не ўвязваемся. Ну навошта нашым сябрам дастаўляць нейкія нязручнасці», – тлумачыў ён. Лукашэнка дадаў, што нібыта не хацеў «напружваць» свайго сябра Сі Цзінь Піна ў гэтым пытанні. Але выглядае, што кітайскі бок у любым выпадку не стаў бы ісці супраць заходніх санкцыяў дзеля Лукашэнкі. 

Адкрыты канфлікт афіцыйнага Менску з Захадам, падчас якога Лукашэнка часам пагражаў перакрыць транзіт у Еўропу, непазбежна прымушаў Пекін быць больш асцярожным у беларускім пытанні. Новых эканамічных праектаў КНР у Беларусі цягам 20202022 гадоў не з’яўлялася. У экспертнай супольнасці агучвалася меркаванне, што Пекін зноў пачне ўкладацца ў эканоміку Беларусі толькі тады, калі Менск нармалізуе стасункі з Еўразвязам.

Пэўная паўза ў двухбаковых стасунках пры гэтым не адбілася на гандлёвым абарачэнні– цягам апошніх гадоў ён паступова павялічваўся, дасягнуўшы па выніках 2021 года рэкордных $ 5,9 млрд. Праўда, адмоўнае сальда склала $ 3,2 млрд – гэта значыць, што Беларусь у асноўным купляе кітайскія тавары і значна менш прадае. У студзені – красавіку 2022 года гандлёвае абарачэнне Беларусі і КНР зноў дэманстравала рост, перавысіўшы мінулагодні паказнік на 3 %.

Што адбылося ў Самаркандзе

«Па выніках сустрэчы мы прымаем супольную Дэкларацыю аб устанаўленні стасункаў усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, ажыццяўляючы гістарычны ўздым нашай супрацы на новы ўзровень», – заявіў Сі Цзінь Пін падчас сустрэчы ў Самаркандзе.

Лукашэнка ў сваю чаргу запэўніў, што Беларусь застаецца надзейным сябрам і партнёрам. «Мы зробім усё для таго, каб вы не пашкадавалі пра гэта і не памыліліся ў сваім выбары», – заявіў ён.

Hавiны
Лукашэнка пагадзіўся надзець рэспіратар дзеля Сі Цзінь Піна. Мінулы раз моцна злаваўся
2022.09.15 18:23

Ухваленне беларуска-кітайскай дэкларацыі анансавалася яшчэ ў жніўні 2021 года – намеснік міністра замежных справаў Мікалай Барысевіч тады казаў, што прынцыповая дамоўленасць ужо дасягнутая.

«Усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства» – гэта не проста набор словаў, а пэўны статус партнёрскіх стасункаў у дыпламатычнай іерархіі Пекіну. Аналагічны статус, напрыклад, маюць стасункі КНР і Пакістану. То бок дэкларацыя сведчыць аб намеры павысіць узровень супрацы. Таму дэ-факта Сі Цзінь Пін мае рацыю, калі кажа пра «гістарычны ўздым». Але гэта не значыць, што падпісанне дэкларацыі аўтаматычна пацягне ўздым (прывядзе да павелічэння гандлёвага абарачэння, інвестыцыяў і г. д.).

Аналітык з Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч лічыць, што падпісанне дэкларацыі не прывядзе да таго, што ў Беларусь зноў паліюцца кітайскія грошы. Аднак КНР такім чынам расстаўляе сцяжкі свайго жаданага ўплыву. «Калі Пекін зменіць пазіцыю на больш актыўную, такі ўзровень супрацы дасць магчымасць афіцыйнаму Менску крыху нахабнічаць у стасунках з Масквою», – напісаў Тышкевіч у сваім Фэйсбуку.

Што ў гэтым дакуменце

Як вынікае з самой назвы падпісанага КНР і Беларуссю дакументу, дэкларацыя не прадугледжвае ніякіх юрыдычных абавязкаў і канкрэтных рашэнняў, а агучвае толькі намеры, прычым самі яны не выглядаюць на нейкі прарыў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін ў 2019 годзе.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

У прыватнасці, КНР і Беларусь кажуць пра намер нарошчваць кантакты на найвышэйшым узроўні, гатовасць стымуляваць стварэнне новых супольных прадпрыемстваў, а таксама садзейнічаць удзелу буйных кітайскіх кампаніяў у акцыянерным капітале беларускіх прадпрыемстваў. Абяцаюць сканцэнтраваць намаганні на развіцці індустрыяльнага парку «Вялікі камень», робячы стаўку на прыцягненне інвестыцыяў, развіццё кітайскай медыцыны і фармацэўтыкі.

Бакі кажуць пра зацікаўленасць у падпісанні Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцыяў, аднак больш дэталёва гэтая ідэя не раскрываецца. КНР і Беларусь заяўляюць пра гатовасць павялічваць гандаль і пашыраць экспарт беларускіх тавараў, але рабіць гэта плануецца «на аснове рынкавых прынцыпаў» – то бок, пра нейкія асаблівыя ўмовы гаворкі не вядзецца.

Тэма транзіту праз Беларусь была вынесеная ў асобны пункт. У дакуменце адзначаецца, што Пекін і Менск дамовіліся аб супольным актыўным выкарыстанні транзітнага патэнцыялу Беларусі праз пашырэнне супрацы ў транспартна-лагістычнай сферы.

«Бакі будуць рупіцца пра бяспечны і бесперабойны рух цягнікоў Кітай – Еўропа – Кітай, пра аптымізацыю перагрузкі і павышаць эфектыўнасць мытнага афармлення на ключавых чыгуначных партах», – падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Аналітыка
Каго насамрэч падтрымлівае Кітай у расейска-ўкраінскай вайне?
2022.06.22 20:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў