Украіна атрымала першую партыю колавых танкаў з Францыі


ЗСУ атрымалі ад Францыі першую партыю лёгкіх колавых танкаў AMX-10RC. Аб гэтым паведамляе «Le Figaro».

Лёгкі колавы танк AMX-10RC вытворчасці Францыі.
Фота: wikipedia.org

Ва Украіну прыбыла першая партыя колавых танкаў AMX-10RC. Як паведаміў 16 студзеня міністр абароны Францыі Сэбастʼен Лекарню ў інтэрвʼю «Le Figaro», некаторыя з іх ужо адправіліся на лінію фронту.

Паведамляецца, што з моманту абнародавання абяцання Францыяй у пачатку студзеня 2023 года да моманту дастаўкі прайшло два месяцы. Гэты час спатрэбіўся на рыхтаванне экіпажаў.

«Я разглядаю магчымасць правядзення другой хвалі сесіяў. Я рыхтую шэраг рашэнняў для прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона», – паведаміў Лекарню.

Лёгкі колавы танк AMX-10RC вытворчасці Францыі таксама класіфікуецца як цяжкі бронеаўтамабіль. Ён узброены гарматай калібру 105 мм «Model F2». AMX-10RC серыйна выраблялі на заводах «GIAT» і «Renault» з 1976 да 1994 года. За гэты час было выпушчана агулам 457 бронемашынаў гэтага тыпу.

337 з іх паступілі на ўзбраенне французскай арміі, яшчэ 120 колавых танкаў адправіліся на экспарт у Марока і Катар. Асаблівасць бронемашыны – гідрапнеўматычны падвес, які дазваляе кіроўцу змяняць клірэнс ад 210 мм да 600 мм. Экіпаж гэтага лёгкага танку складаецца з чатырох чалавек: кіроўца (сядзіць у пярэдняй частцы корпуса), камандзір, наводчык і зараджальнік-радыст (размяшчаюцца ў паваротнай вежы).

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў