Сапелка: Для ўладаў Расеі і Беларусі чалавечае жыццё не ўяўляе каштоўнасці


Прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка ў размове з «Белсатам» пракаментаваў смерць у калоніі расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. І выказаўся адносна паралеляў з беларускай сітуацыяй.

Павел Сапелка, юрыст ПЦ «Вясна», які абараняў інтарэсы многіх апазіцыйных палітыкаў. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: НМ / Белсат

Паводле яго, смерць Аляксея Навальнага нагадвае пра тое становішча, у якім знаходзяцца беларускія палітвязні.

«І гэта нагадвае нам пра тое, што ў любы дзень мы можам пачуць у тым жа кантэксце імя любога з паўтары тысячы палітвязняў. Асабліва ўразлівыя пры гэтым тыя, хто знаходзіцца ў стане інкамунікада, пра чый лёс мы не чуем ужо дастаткова доўгі час. Мы ведаем, што ў нас у калоніях многія людзі праз свой стан здароўя, праз узрост значна менш здольныя пераносіць гэтыя цяжкія, часам невыносныя ўмовы, чым нават той жа загінулы ў расейскай калоніі Навальны. У нашай калоніі не знаходзяцца за палярным кругам, але адміністрацыі калоніяў, падобна, пра гэта глыбока шкадуюць і ствараюць у нашых беларускіх калоніях умовы, якія можна назваць катавальнымі і якія дакладна з’яўляюцца забароненымі з пункту гледжання міжнародных абавязкаў Беларусі ў галіне правоў чалавека», – сказаў Павел Сапелка.

Hавiны
Ціханоўская: Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым
2024.02.16 15:30

Ён адзначыў, што расейскія і беларускія ўлады – «гэта людзі адных перакананняў, і для іх чалавечае жыццё не ўяўляе з сябе нейкай асаблівай каштоўнасці». На ягоную думку, адрозненне паміж імі толькі ў тым, што расейскія ўлады, прынамсі, выконваюць нейкія фармальныя абавязкі.

«І мы, у адрозненне ад беларускіх выпадкаў, пачулі пра гібель палітвязня не ад сваякоў, не ад родных, не ад блізкіх, а ад афіцыйнай крыніцы. Чаго, дарэчы, мы практычна не чулі адносна нашых палітвязняў», – заявіў праваабаронца.

Паводле яго, стан інкамунікада, у якім знаходзяцца некаторыя беларускія палітвязні, «з’яўляецца перадумоваю для таго, каб адбылося самае горшае». Бо яны не могуць паведаміць пра свае праблемы і патрэбы, у тым ліку ў леках.

Абнаўляецца
У расейскай калоніі памёр Аляксей Навальны
2024.02.16 14:33

Пра тое, што Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што «медыкі разбіраюцца» з тым, што адбылося, і ўдакладніў, што прэзідэнту ўжо паведамілі пра смерць Навальнага.

Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерць Навальны выглядаў бадзёрым.

Hавiны
У апошняй публікацыі Навальны прызнаваўся ў каханні жонцы, а на відэа выглядаў бадзёрым
2024.02.16 15:10

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў