Баўмгертнер папрасіў памаўчаць


Генеральны дырэктар “Уралкалію” Уладзіслаў Баўмгертнер папрасіў сваіх адвакатаў не даваць каментароў пра ягоную крымінальную справу.

“На просьбу нашага падабароннага мы пакуль будзем устрымлівацца ад усіх каментароў, якія датычаць гэтай справы”, – паведаміла агенцтву “Інтэрфакс-Захад” адвакатка Ганна Славіна.

Пры гэтым яна патлумачыла, што такая пазіцыя Баўмгертнера датычыць не толькі сутнасці выстаўленага яму абвінавачання, хады папярэдняга расследавання, але і “любых іншых каментароў”.

Усе тры беларускія адвакаты У. Баўмгертнера адмовіліся паведаміць, ці ведае іхны падабаронны пра тое, што ў Расеі на яго завялі крымінальную справу, якая распачатая па разглядзе матэрыялаў, якія паступілі з кампетэнтных органаў Беларусі, інфармуе БелаПАН.

Следчы камітэта Расіі ўжо распачаў крымінальную справу ў дачыненні да групы кіраўнікоў ЗАТ “Беларуская калійная кампанія” і ААТ “Уралкалій” (ч. 2 арт. 201 КК РФ – злоўжыванне паўнамоцтвамі).



Сёлета 30 ліпеня расейская кампанія “Уралкалій” абвесціла пра выхад са складу беларуска-расейскага ЗАТ “Беларуская калійная кампанія” (БКК), праз якое разам з “Беларуськаліем” экспартавала сваю прадукцыю на вонкавыя рынкі. Гэтае рашэнне расяяне растлумачылі тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю “Беларуськалію” ў абыход БКК.

26 жніўня было абвешчана пра распачатую крымінальную справу на шэраг кіраўнікоў БКК, сярод якіх старшыня назіральнай рады БКК, гендырэктар “Уралкалію” Уладзіслаў Баўмгертнер. Яны абвінавачваюцца на падставе ч. 3 арт. 424 КК РБ (злоўжыванне ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі). Баўмгертнера затрымалі ў Менску і змясцілі ў СІЗА КДБ. Цяпер ён пад хатнім арыштам.

Падчас апошняй прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка назваў У. Баўмгертнера «сапляком». І запэўніў расейскіх журналістаў,што “калійная справа” не пашкодзіць стасункам Беларусі ды Расеі. “Калі мы з Пуціным сустракаліся, я сказаў, што ніякі Баўмгертнер і Керымаў не вартыя таго, каб мы не толькі сапсавалі дачыненні на дзяржаўным узроўні, але нават асабістыя дачыненні былі сапсаваныя”, – сказаў Лукашэнка.

Ю.В., паводле БелаПан, interfax.by

Стужка навінаў