Беларусы – чэмпіёны ў нянавісці да сваёй працы


Беларусы – лідары сярод дзяржаваў СНД паводле паказніку нянавісці да сваёй працы: кожны трэці жыхар нашай краіны зазнае пачуццё абрыды, калі прачынаецца на працу.

Сумную статыстыку пацвярджаюць вынікі даследавання амерыканскага інстытуту Ґэлапа. У апытанні, якое рэгулярна праводзяць з пачатку 1990-х гадоў, узялі ўдзел 230 тыс. рэспандэнтаў з 142 краінаў. Работнікаў папрасілі пацвердзіць або зняпраўдзіць 12 сцверджанняў, якія маюць вызначыць іхную матывацыю працаваць, узаемаадносіны з калегамі і задаволенасць з умоваў працы.

Выявілася, што ў Беларусі задаволеныя з працы толькі 9 %, не задаволеныя – 58 % з апытаных і фактычна ненавідзяць тое, чым займаюцца 33 %. Бліжэй за ўсіх у СНД да беларусаў у адмоўных адносінах да працы – азербайджанцы. Радыкальна незадаволеных з працы азербайджанцаў – 32 %, проста незадаволеных – 63 %, тых, каму ягоная праца да сэрца, – усяго 5 %.

У нашых суседзяў на Захадзе сапраўдных ненавіснікаў працы крыху менш, але колькасць тых, хто з яе незадаволены, не саступае Беларусі. У Польшчы атрымліваюць задавальненне ад працы 17 %, незадаволеныя з яе 68 % і амаль ненавідзяць – 15 %. У Латвіі задаволеных 13 %, незадаволеных 72 % і вельмі незадаволеных 15 %. У Літве любяць працу 10 %, не любяць 62 %, ненавідзяць 28 %.

Па выніках апытання атрымалася, што толькі 13 % насельніцтва планеты задаволеныя са сваёй працы. 63 % зямлянаў адчуваюць незадаволенасць з таго, чым займаюцца. А кожны чацвёрты «чалавек працы» на свеце заўзята ненавідзіць сваю працу.

Больш за ўсё незадаволеных працаўнікоў – на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. У Сірыі, што не дзіўна (у краіне ідзе грамадзянская вайна), задаволеных работнікаў эксперты не знайшлі.

Самы высокі адсотак шчаслівых працоўных – у Панаме: 37 %. У гэтым паказніку яна апярэджвае любую з краінаў свету. У ЗША, краіне, якая столькі гадоў была ворагам нумар адзін і якая паводле версіі некаторых надалей «загнівае», колькасць задаволеных працаю – 30 %.

Ю.В., паводле Zautra.by

Стужка навінаў