Алексіевіч не атрымала Нобелеўскай прэміі




Напярэдадні абвяшчэння вынікаў галасавання беларускую расейскамоўную пісьменніцу Святлану Алексіевіч называлі адной з трох найбольш імаверных прэтэндэнтак на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Эліс Манроў. Фота facebook.comЭліс Манроў. Фота facebook.comСёлета ўзнагароду атрымала 82-гадовая канадская пісьменніца, лаўрэатка Букераўскай прэміі Эліс Манроў (на Нобеля яе намінавалі ўжо некалькі разоў). “Шведская акадэмія не змагла скантактавацца з лаўрэаткай, але мы пакінулі ёй паведамленне на тэлефоннай пошце“, – паведаміў на “Тўітэры” аргкамітэт праз 43 хвіліны пасля абвяшчэння пераможцы.

«Гэта справядлівае рашэнне. Гэта сумленная гульня і сумленны выбар. Тут няма нічога крыўднага. Я, на жаль, не чытала гэтай канадскай пісьменніцы. Але я яе віншую і радая за яе», – сказала Святлана Алексіевіч Радыё «Свабода».

65-гадовая Святлана Алексіевіч нядаўна выдала кнігу «Час second hand», якая атрымала добразычлівыя каментары крытыкаў. Яе можна прачытаць па-расейску, па-немецку і па-шведску. На беларускай мове фрагменты друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў». Святлана Алексіевіч вядомая і як аўтарка твораў дакументальнай прозы «У вайны не жаночы твар» (1985), «Апошнія сведкі» (1985), «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» ды іншых.

Што значыла б для Беларусі Нобелеўская прэмія расейскамоўнай Святлане Алексіевіч? Паводле старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алега Трусава, яна далучылася б да нобелеўскіх лаўрэатаў з Беларусі, якія не размаўляюць па-беларуску.

Спадар Трусаў не лічыць Святлану Алексіевіч пісьменніцаю, таму і менш крытычна ставіцца да таго, што яна не ўжывае беларускай мовы: «Яна таленавіты журналіст. А журналістыка – больш нейтральная ў тым сэнсе, што ў ёй не адлюстроўваецца душа народу, мастацкі вобраз».

Гэта і ёсць прычына, з якой яна не атрымала Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры: «Ніхто не дасць Нобеля па літаратуры журналісту. Вось Пуліцэраўскую прэмію яна б атрымала без пытанняў».

{movie}Геннадзь Бураўкін летась казаў, што Святлана Алексіевіч мае высокія шанцы|right|12831{/movie}

З беларускіх пісьменнікаў на галоўную літаратурную прэмію свету некалькі разоў намінавалі Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Някляева.

Паводле Алега Трусава, шанцы беларусаў атрымаць самую вядомую прэмію па літаратуры малыя, бо яны не маюць свайго лобі, а дзеля гэтага трэба, каб іхныя творы пераклалі на як мага больш замежных моваў. Самым вартым кандыдатам ён называе Рыгора Барадуліна.

{movie}Хто з сучасных беларускіх літаратараў варты Нобеля?|right|12830{/movie}

Сярод сёлетніх найбольш імаверных прэтэндэнтаў былі таксама:

64-гадовы японскі пісьменнік Харукі Муракамі, аўтар раманаў «1Q84», «Кафка на пляжы», «Нарвежскі лес», «Дэнс, Дэнс, Дэнс», «Слухай песню ветру».

75-гадовая амерыканка Джойс Кэрал Оўтс напісала больш за дзесяць раманаў. Апошні, выдадзены ў 2000 годзе, называўся “Бландзінка” і быў прысвечаны Мэрылін Манро.

70-гадовы вугорац Пэтэр Надаш. Сёлета па-беларуску выйшаў ягоны раман «Канец адной сямейнай сагі» – праўда, перакладалі яго з польскай мовы, а не з арыгіналу.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў