Гайдукевіч расстраляў бы партыйнага дарадцу за распаўсюд дзіцячай парнаграфіі


Былога дарадцу ў бяспецы Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі абвінавачваюць у распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі з выяваю сваёй малалетняй дачкі. Следчы камітэт ужо распачаў крымінальную справу, – паведамляе Ej.by.

Паводле звестак Следчага камітэту, дарадца ў бяспецы ЛДПБ, раней неаднаразова судзімы, у ліпені 2013 года распаўсюдзіў у інтэрнэце парнаграфічныя матэрыялы. Адмыслоўцу ў бяспецы інкрымінуюць ч. 3 ст. 3431 Крымінальнага кодэксу Беларусі – выраб і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выяваю непаўналетняй асобы). Дарадцу ў бяспецы пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Інтэрнэт-выданне Ej.by звязалася з намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алегам Гайдукевічам, каб высветліць у яго, як неаднаразова судзімы чалавек мог стаць іх дарадцам у бяспецы, і як партыя ставіцца да ягоных дзеянняў у дачыненні сваёй дачкі.

Паводле Алега Гадуйкевіча, «дарадца ў бяспецы» – гэта звычайны ахоўнік, проста называецца прыгожа. «Ніякаю бяспекаю ён не займаўся, ён быў звычайным ахоўнікам у адной нашай структуры. Калі партыя нейкія імпрэзы праводзіла недзе, ён быў задзеяны як ахоўнік. Ён ніякі не кіраўнік і ніколі нікім не кіраваў. …Яго выключылі з партыі за тое, што п’янстваваў яшчэ тры месяцы таму, задоўга да гэтых падзеяў», – распавёў Алег Гайдукевіч.

Паводле намесніка старшыні ЛДПБ, да ўчынку ўжо былога аднапартыйніка ён ставіцца вельмі адмоўна і мяркуе, што той заслугоўвае самага жорсткага пакарання: «Калі гэта праўда, то ён вырадак, і таму ў дачыненні яго мусяць прыняць самыя жорсткія захады. Абараняць яго ніхто ніколі не будзе, у партыі 45 тысяч сябраў, і, вядома ж, мы не можам адказваць за кожнага. Але усё роўна гэта непрыемна. А так яму мусіць быць самае жорсткае пакаранне. Мая пазіцыя – аж да расстрэлу. Расстрэл або пажыццёвае, гэта ж дзеці, святое», – заявіў Алег Гайдукевіч.

«Белсат» пастанавіў даведацца пазіцыю лідара самай ліберальнай беларускай партыі Сяргея Гайдукевіча, аднак партыйны дзеяч сказаў, што панятку не мае, пра якую парнаграфію і якога дарадцу ідзе размова. «Я нічога на гэты конт не ведаю», – лаканічна, але крыху нервова сказаў кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў