Хто скупляе элітнае жытло? Склалі рэйтынг 30 самых дарагіх вуліцаў Менску


Група кампаніяў «Твая сталіца» склала рэйтынг 30 самых дарагіх паводле кошту жылля вуліцаў Менску. Узначаліла яго размешчаная ў мікрараёне Дразды насупраць комплексу «Менск-Арэна» вуліца Піянерская, кошт 1 кв.м жылля на якой перавышае $ 3 500.

У пяцёрку самых дарагіх таксама трапілі вуліцы Карла Маркса ($ 3180), Камуністычная ($ 3136) , Інтэрнацыянальная ($ 3023) і Старажоўская ($ 3005).

Найбольшыя кошты – у цэнтры. Пакуль.

Паводле намесніцы дырэктара ў продажах жылля на другасным рынку кампаніі «Твая сталіца» Святланы Кудзелкі, высокія кошты на жылую нерухомасць у асноўным характэрыя для цэнтра горада. У першай дзясятцы таксама аказалася вуліца Язмінавая, папулярнасць якой забяспечыла блізкасць да ракі Свіслач і Нацыянальнай бібліятэкі. Адна з найбольш вядомых вуліцаў гораду – Старажоўская – за кошт размяшчэння ў гістарычным цэнтры і ўзвядзення элітнага дому з высокім коштам жылля заняла 5-е месца ў спісе самых дарагіх.

«Кошт «квадрата» на самых рэспектабельных вуліцах сталіцы амаль удвая вышэйшы, чымся ў сярэднім па горадзе. Прычым кошты на жыллё ў цэнтры Менску або паблізу маляўнічых месцаў растуць цягам усяго года. Гэткія кватэры набываюць у асноўным заможныя замежныя грамадзяне і ўнутраныя інвестары для наступнай здачы ў арэнду па высокіх стаўках. Сярод пакупнікоў таксама сустракаюцца замежныя кампаніі, якія маюць патрэбу ў якасных апартаментах для размяшчэння топ-менеджараў», – адзначыла Кудзелка.

Паводле прагнозаў экспертаў групы кампаніяў «Твая сталіца», сур’ёзных зменаў у структуры самых дарагіх вуліцаў Менску ў найбліжэйшы час не адбудзецца. «Попыт на элітнае жыллё будзе перамяшчацца паступова: з асноўных праспектаў сталіцы ў спакойныя і маляўнічыя месцы, размешчаныя ў тым ліку за кальцавою аўтадарогаю. Такая тэндэнцыя актуальная для ўсіх буйных гарадоў: найбольш запатрабаванымі становяцца месцы, на якіх развітая інфраструктура, наяўнасць арганізаваных парковак для аўтатранспарту і сучасныя планіровачныя рашэнні суседнічаюць з прыроднымі аб’ектамі», – адзначыла Святлана Кудзелка.

Якімі будуць кошты?

Група кампаніяў «Твая сталіца» вылучае пяць асноўных «дыслакацыяў» элітнага жылля. Па-першае, традыцыйна папулярная нерухомасць у гістарычным цэнтры гораду, у тым ліку кватэры на вуліцах Інтэрнацыянальная, Леніна і Карла Маркса. У якасці альтэрнатывы выступаюць новыя элітныя раёны ў акваторыі ракі Свіслач (вуліцы Піянерская, Язмінавая, Парніковая і Ваньковіча). Па-трэцяе, заможныя пакупнікі прыглядаюцца да кварталаў, што губляюць папулярнасць – у савецкія часы вядомыя як «пыжыкаўскія» раёны: вуліцы Захарава і Пуліхава.

Стабільным застаецца попыт на жыллё на праспекце Незалежнасці. Прычым дыяпазон коштаў на кватэры ў розных дамах уздоўж праспекту істотна адрозніваецца. Сваю нішу заняла і элітная забудова ў спальных раёнах гораду – перш за ўсё, сучасныя пабудовы ва Уруччы і ў раёне праспекту Дзяржынскага.

Цяпер у Менску актыўна фармуецца сегмент жылля элітнага і прэміум-класа. Толькі цяпер у горадзе ўзводзіцца больш за 10 такіх комплексаў. Скарачэнне колькасці пляцовак у Менску, што выдзяляюцца пад жыллёвае будаўніцтва, будзе аказваць ціск на цэны і падаграваць цікавасць да дамоў падвышанай камфортнасці. «Найбольшая коштавая дынаміка чакаецца на вуліцах Прытыцкага і Кальварыйская, а таксама праспекце Дзяржынскага, які аказаўся блізкі да таго, каб трапіць ў рэйтынг», – падкрэсліла прадстаўніца кампаніі.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў