Расейскія медыі пратэстуюць


Шэраг расейскіх інтэрнэт-медыяў на дзін дзень адмовіліся ад ілюстрацыяў на знак пратэсту супраць арышту фатографа Дзяніса Сінякова, які асвятляў акцыю «Грынпісу» на судне «Arctic Sunrise» ля платформы «Прыразломная». Фотакора арыштавалі на 2 месяцы.

Апроч «Lenta.ru», да акцыі далучыліся сайты тэлеканалаў «Дождь» і « НТВ», а таксама радыёстанцыя «Эхо Москвы», часопісы «Русский репортёр», «Большой город» і «The New Times» і шэраг іншых. Выданні павесілі на сваіх старонках замест фотаздымкаў шэрыя і чорныя заглушкі.

Расейскія журналісты таксама падпісалі адкрыты ліст з заклікам адпусціць Дзяніса Сінякова і зняць з яго ўсе абвінавачанні. «Мы звяртаемся да першых асобаў дзяржавы з просьбаю выканаць законнасць і заклікаем іх не пакінуць гэтую сітуацыю без увагі», – гаворыцца ў лісце, апублікаваным на «Lenta.ru». Далейшы збор подпісаў пад зваротам працягваецца на сайце «Эхо Москвы».

Расейскія медыі выказалі пратэст у сувязі з тым, што суд абраў для Сінякова захаду стрымання ў выглядзе 2 месяцаў арышту, нягледзячы на тое, што той прысутнічаў на акцыі «Грынпісу» як фатограф. Сінякоў працуе пазаштатным фотакарэспандэнтам у выданні «Lenta.ru». Ягоны рэпартаж пра акцыю «Грынпісу» змясцілі на старонцы інтэрнэт-выдання 18 верасня. Паводле закону аб медыях прафесійны статус журналіста распаўсюджваецца і на пазаштатных аўтараў пры выкананні імі рэдакцыйнага задання.

Падчас акцыі «Грынпісу» супраць нафтаздабычы ў Арктыцы, два актывісты арганізацыі паспрабавалі забрацца на платформу «Прыразломная», аднак іх спынілі працаўнікі берагавой аховы. 19 верасня спецназ ФСБ РФ захапіў судна Arctic Sunrise», на якім былі актывісты «Грынпісу», і адбуксаваў яго ў Мурманск. Усіх 30 чальцоў экіпажу, большасць з іх – замежнікі, затрымалі ды змясцілі ў СІЗА.

Ім выставілі абвінавачанні паводле артыкулу 227 КК РФ (пірацтва). 26 верасня суд арыштаваў на 2 месяцы 22 чальцоў экіпажу, уключаючы фатографа Дзяніса Сінякова, Якога следства назвала адным з «экалагічных актывістаў», а ў якасці падставы для арышту прывяло яго «шматразовыя выезды за мяжу».

Ю.В. паводле lenta.ru

Стужка навінаў