Сусветны дзень без аўтамабіля


Сусветны дзень без аўтамабіля (World Car Free Day) – гэта міжнародная экалагічная кампанія, якая праходзіць штогод 22 верасня. Упершыню акцыю зладзілі ў французскім горадзе Ля Рашэль у 1997 годзе, а праз год гэтую ініцыятыву падхапіла ўся краіна. У 1999-м да Францыі далучыліся Італія і Швейцарыя, пасля чаго ідэя правядзення Міжнароднага дня без аўтамабіля распаўсюдзілася на ўсю Еўропу.

З кожным годам гэтая акцыя становіцца ўсё больш папулярнаю. Гэтак, напрыклад, у Кітаі Дзень без аўтамабіля завяршае сямідзённую акцыю «Зялёны тыдзень», падчас якой праводзяць шэраг экаімпрэзаў. Што праўда, кітайскай прамысловасці наўрад ці ўдасца пахваліцца сваёй праэкалагічнай пазіцыяй.

У сталіцы нашай заходняй суседкі Польшчы ўлады заахвочваюць жыхароў гораду перасесці з аўтамабіляў у грамадскі транспарт, менавіта таму праезд у варшаўскім аўтобусе, трамваі ці метро 22 верасня бясплатны. У 2008 годзе да гэтай акцыі далучыліся 84 польскія гарады і мястэчкі.

У нашай краіне Сусветны дзень без аўтамабіля адзначаюць без асаблівага размаху. Берасцейскі аблвыканкам суха і па-чыноўніцку нагадвае пра экалогію: «У межах акцыі 22 верасня ўсім уладальнікам аўтамабіляў прапаноўваецца абмежаваць выкарыстанне асабістага транспарту і пры неабходнасці скарыстацца грамадскім транспартам». У Горках праводзяць спартовыя імпрэзы для дзяцей. А ў Менску напярэдадні Сусветнага дня без аўтамабіля прапаноўваюць закатаць у асфальт сапсаваныя аўтамабілямі траўнікі ў менскіх дварах. Гэткім чынам адмыслоўца аддзелу добраўпарадкавання, санітарнага стану і працы з насельніцтвам Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Зінаіда Ставер спадзяецца стварыць 11 тыс. новых паркінгавых месцаў для аўтаў менчукоў.



Летась у Беларусі парк аўтатранспартных сродкаў павялічыўся на 28,8 тыс. адзінак (0,8 %) да ўзроўню 2011 года. Узровень аўтамабілізацыі насельніцтва склаў 403,3 аўтамабілі на 1000 асобаў.

{movie}Сусветны дзень без аўтамабіля|right|12581{/movie}

І тым не менш сёння ў межах Сусветнага дня без аўтамабіля менчукоў чакаюць пешыя экскурсіі, выстава-галерэя «Зялёны горад – газон на асфальце» (да 18-00), што пройдзе на скрыжаванні вуліцаў К. Маркса, Леніна да Кірава, таксама сёння можна бясплатна наведаць Музей прыроды і экалогіі на вул. К. Маркса 12, а каля гарадской ратушы (да 18-00) можна зрабіць тэхагляд свайго ровара.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў