Што за конкурс – «Miss Supranational»?


У свеце ёсць 4 прэстыжныя конкурсы прыгажосці: «Miss World», «Miss Universe», «Miss International» i «Miss Earth». У Беларусь жа пераехаў конкурс «Miss Supranational», але ці ёсць чым ганарыцца?



«Miss Supranational»

Гэты конкурс зусім малады – ён нарадзіўся ў 2009 годзе. Яго арганізоўвае «World Beauty Association», заснаваная ў Панаме. Да 2012 года праводзіўся ў Польшчы. На 2013 год арганізатары падпісалі ўмову з Беларуссю. Матывавалі гэта тым, што цяперашняя «Miss Supranational» Кацярына Бурая – нашая суайчынніца.

Сёлетні фінал – 6 верасня. Дарэчы, у Менск прыехала болей за 100 удзельніц, летась у Варшаве іх было 53. Конкурс прыцягнуў увагу медыяў, яшчэ не распачаўшыся: падчас шпацыру па беларускай сталіцы прадстаўніца Гвадэлупы Эладзі Одадан страціла прытомнасць. Беларусь рэпрэзентуе 17-гадовая студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту (Гомель) Вераніка Чычына.

«Miss World»

Самы стары з раскручаных конкурсаў прыгажосці – «Miss World» са штаб-кватэраю ў Лондане. Упершыню прайшоў у 1951 годзе як конкурс дзяўчат у бікіні – цяперашнюю назву прыдумалі журналісты, пасля яна замацавалася. Таму адзетую ў мінімалістычны купальнік пераможцу каранавалі толькі аднойчы. У 1980-я журы пастанавіла, што ўдзельніцы мусяць апрача вонкавых дадзеных дэманстраваць свае таленты і адукаванасць.

Цяперашняя «Miss World» – кітаянка Юй Ўэнь Ся. Паводле традыцыі, пераможца цягам года жыве ў Лондане і падарожнічае па свеце з дабрачыннаю місіяй. Штогадовыя фіналы праводзяцца пад эгідаю арганізацыі «Miss World Organization», якая з 1951 года патраціла 250 млн фунтаў стэрлінгаў на дзіцячую дабрачыннасць. Фірма «Miss World, Limited» мае франшызы больш як у 100 краінах. Яе выдаткі і прыбыткі – камерцыйная таямніца. Арганізацыя спрычынілася да ўсплёску турызму ў кітайскі горад Сань-Я, дзе адбыліся фіналы 2003, 2004, 2005, 2007 і 2010 гадоў.

Сёлетні фінал пройдзе 28 верасня ў Інданезіі. Беларусь прэзентуе 22-гадовая студэнтка Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Марыя Вялічка.

{movie}Беларусь на «Miss World – 2013» прадстаўляе Марыя Вялічка|right|12286{/movie}

«Miss Universe»

Праз год пасля брытанскага «Miss World» у Каліфорніі стартаваў амерыканскі «Miss Universe». Яго пачатак таксама звязаны з купальнікамі. Рэч у тым, што «Міс Амерыка–1951» Ёўландэ Бэтбэзэ адмовілася пазаваць у бікіні ад галоўнага спонсара. Кампанія абразілася і заснавала адразу два канкурэнтныя конкурсы: «Miss USA» і «Miss Universe». У 1952 годзе «Miss Universe» стала фінка Армі Куусела, якая адмовілася ад тытулу, калі ганаровы год ужо сканчаўся, каб выйсці замуж.

З 1998 года конкурс праводзіць «Miss Universe Organization», якая мае штаб-кватэру ў Нью-Ёрку і ладзіць таксама два іншых конкурсы: «Miss USA» i «Miss Teen USA». Цяпер тытул «Miss Universe» носіць амерыканка Алівія Калпа. Сталіцаю сёлетняга фіналу, які пройдзе 9 лістапада, будзе Масква.

«Miss International»

Амерыканскія карані мае і «Miss International» («Miss International Beauty» або «The International Beauty Pageant»), які пачалі праводзіць з 1960 года, пасля таго, як «Miss Universe» змяніў дыслакацыю з Каліфорніі на Маямі. З 1970-х праходзіць у Токіа. Ад удзельніц апрача прыгажосці чакаюць далікатнасці, сардэчнасці і дабрыні, інтэлігентнасці, актыўнасці і талерантнасці ў адносінах да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.

Прадстаўніцаю Беларусі на «Miss International–2012» была Настасся Пагранічная. Фота livewireworld.infoПрадстаўніцаю Беларусі на «Miss International–2012» была Настасся Пагранічная. Фота livewireworld.info«Miss International–2012» стала японка Ікумі Ёсімацу. Рэпрэзентавала Беларусь тады нарадзінка Жодзіна 21-гадовая Настасся Пагранічная. Сёлетні фінал запланаваны на кастрычнік.

«Miss Earth»

Конкурс заснавалі ў 2001 годзе, каб прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да праблемаў навакольнага асяроддзя. Штаб-кватэра месціцца на Філіпінах. Пераможца атрымлівае статус спікера экалагічных арганізацыяў, сярод якіх «Miss Earth Foundation» і «United Nations Environment Programme», «Green Peace» i «World Wildlife Foundation» і супрацоўнічае з міністэрствамі краінаў-удзельніц. З 2008 года ў межах конкурсу праводзіцца спаборніцтва паміж дызайнерамі экалагічнай моды.

У 2003 годзе конкурс прыцягнуў увагу медыяў па ўсім свеце, калі прадстаўніца Афганістану з’явілася на подыуме ў чырвоным бікіні, за што яе, вядома, асудзілі суайчыннікі. У 2012 годзе «Miss Earth» стала чэшка Тэрэза Файксава. Сёлетні фінал пройдзе ў снежні.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў