25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР замацаваў дзяржаўны суверэнітэт Беларусі адмысловым канстытуцыйным законам.
Фактычна незалежнасць БССР абвесцілі на трэці дзень пасля правалу путчу ГКЧП. Паседжанне Вярхоўнага Савету праходзіла ў прадчуванні гістарычных пераменаў. 24 жніўня перад будынкам Вярхоўнага Савету сабраліся дзясяткі тысяч маніфестантаў, пайшоў у адстаўку старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей, вызваліўшы пасаду кіраўніка Беларусі для свайго намесніка – Станіслава Шушкевіча.
Тады ж упершыню ў беларускім парламенце закрасаваў бел-чырвона-белы сцяг, які ўрачыста ўнеслі падчас сесіі дэпутаты апазіцыі: Зянон Пазняк, Валянцін Голубеў і Галіна Сямдзянава.
Праз месяц, 19 верасня 1991 года, Вярхоўны Савет зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці афіцыйных сімвалаў Беларусі.
«Нават з адлегласці такога вялікага ўжо часу ўсё яшчэ аж не верыцца, што ў тых цяжкіх умовах, калі фактычна ўсё было супраць нас і з Усходу, і з Захаду, і, галоўнае, – знутры, удалося скарыстаць некалькі лёсавызначальных дзён і вырваць незалежнасць Беларусі з пашчы СССР», – напісаў удзельнік тых знакавых для Беларусі падзеяў Зянон Пазняк на бачыне pieramoha.org.
Фрагмент праграмы “Два на два”. Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык разважаюць пра падзеі 25 жніўня 1991 года:
{movie}Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык разважаюць пра падзеі 25 жніўня 1991 года ў праграме “Два на два”|right|12186{/movie}
Палітык адзначыў, што беларусы маюць дзве сакральныя даты – 25 сакавіка 1918 года, калі абвесцілі незалежнасць Беларускае Народнае Рэспублікі, і 25 жніўня 1991 года, калі незалежнасці ўдалося дасягнуць. Нягледзячы на тое, што сёння абедзве гэтыя даты пад пагрозаю і забаронаю, працягнуў Зянон Пазняк, нашая дзяржава пакуль існуе і мае незалежнасць:
«Дзе б ні былі беларусы, і як бы ні павярнуўся наш лёс, шануйма нашу дзяржаўную Незалежнасць, як жыцьцё, як мову, як здароўе. Радуймася, што яна існуе, бо, каб яна сталася, за гэта аддадзены тысячы і мільёны жыццяў папярэдніх пакаленняў народу. Памятайма і паважайма тыя ахвяры. На іх перш за ўсё грунтуецца наша права на жыццё і змаганне».
У Беларусі 25 жніўня афіцыйна не адзначаецца. Сябры ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» заклікалі сёлета беларусаў адсвяткаваць гадавіну незалежнасці салютам.
Максім Ярашэвіч, belsat.eu