Хворыя на рак і «кватэрнае пытанне»


У адной палаце – чацвёра дзяцей, хворых на рак. Хтосьці ціха плача ад болю, хтосьці ў любы момант можа званітаваць пасля хіміятэрапіі. «Гэта звыклая карціна, – гаворыць Людміла, маці 8-гадовага Ягора. – У такіх умовах у Бараўлянах – сотні дзяцей, разам з бацькамі». Сітуацыю можна змяніць, прытым з не надта вялікімі выдаткамі. Але пакуль надзея – толькі на… замежных спонсараў.

Ягор з Баранавічаў летась прайшоў курс лячэння ў дзіцячым анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. З дапамогаю грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе» ўдалося арганізаваць паездку на аздараўленне ў Італію. Цяпер ён рыхтуецца да навучальнага года, і нічога не сведчыць пра тое, што яму давялося перажыць, змагаючыся з хваробаю.

Дзіцячы анкалагічны цэнтр у Бараўлянах. Фота belsat.euДзіцячы анкалагічны цэнтр у БараўлянаххПра гэта цяжка ўзгадваць ягонай маці. «Вы ўявіце, як можа ісці на папраўку чалавечак, які штодня ў той жа палаце бачыць, як пакутуюць іншыя дзеці, чуе іхны плач. А для дзяцей, што прайшлі працяглае лячэнне і папраўляюцца, проста неабходна псіхалагічна выйсці з умоваў шпіталю, – гаворыць Людміла. – Вельмі важна, каб побач былі блізкія людзі. Калі мы праходзілі лячэнне, я жыла разам з Ягорам у палаце. Тата начаваў у машыне на дварэ…»

«Здыму кватэру ў раёне Бараўлянаў. Пільна»

Бацькі тых дзяцей, што лечацца ў анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах, гавораць, што самы надзейны спосаб знайсці жытло – загадзя расклеіць абвесткі. Звяртацца ў агенцтвы нерухомасці – пустыя выдаткі, абтэлефаноўванне абвестак у газетах – латарэя, спадзяванні толькі на тое, што пашанцуе.

Пошук жылля асабліва актуальны для бацькоў з дзецьмі, хворымі на рак, што лечацца на дзённым стацыянары. Штодня яны зранку дабіраюцца да анкалагічнага цэнтру на працэдуры, а потым вяртаюцца на здымнае жытло. «Бацькі, у якіх няма машыны, літаральна на руках вязуць дзяцей у анкацэнтр грамадскім транпартам, – гаворыць Алена Логутава, спецыялістка ў справе аздараўлення з грамадскай арганізацыі «Дзеці ў бядзе». – А цяпер уявіце, чым гэта пагражае для дзяцей з анкалагічным захворваннем, з аслабленым імунітэтам, да прыкладу, падчас эпідэміі грыпу».

Кошты на кватэры «кусаюцца» – менш як за $ 300 няма чаго разлічваць. Для сем’яў з малых паселішчаў гэтыя выдаткі разам з коштамі на дарогу, лекі, харчы, становяцца непад’емнымі.

Першы з 20 мабільных дамкоў аплаціла Амбасада Польшчы ў Беларусі. Фота belsat.euПершы з 20 мабільных дамкоў аплаціла Амбасада Польшчы ў БеларусіПансіянат як альтэрнатыва

Анкалагічны цэнтр у Бараўлянах – трэцяя паводле велічыні дзіцячая анкалагічная клініка на свеце. Аднак месцаў у ёй заўсёды бракуе. Усе магчымасці, каб паставіць дадатковыя ложкі да тых 115, што ёсць, цалкам вычарпаныя. А на пабудову новага корпусу няма грошай.

Надзея на паляпшэнне з’явілася разам з праектам будаўніцтва пансіянату для дзяцей і бацькоў. Паводле дакументу, побач з анкацэнтрам маюць паўстаць 20 мабільных дамкоў, кожны з якіх разлічаны на дзве сям’і. Гэтыя дамкі падобныя да часовага жылля будаўнікоў, але, вядома ж, з лепшымі ўмовамі. Два асобныя ўваходы, супольная кухня, асобныя санітарныя вузлы. На тэрыторыі пансіянату прадугледжваюцца дзве дзіцячыя пляцоўкі.

У арганізацыі «Дзеці ў бядзе» гавораць, што зварухнуць праект з мёртвага пункту ўдалося толькі з трэцяй спробы. «І ў анкалагічным цэнтры, і ў Міністэрстве аховы здароўя разумеюць важнасць і неабходнасць гэтага пансіянату. Але, як заўсёды, адказ адзін і той: няма грошай, – распавядае Алена Логутава. – І толькі нядаўна з’явілася надзея. На свята «Усмешка», якое мы ладзілі для дзяцей, запрасілі замежных дыпламатаў. Сярод іх была жонка амбасадара Польшчы. І менавіта дзякуючы ейным намаганням нам удалося атрымаць першае фінансаванне на гэты праект».

Планіроўка мабільнага дамка. Фота belsat.euПланіроўка мабільнага дамкаuАмбасада Польшчы выдаткавала 37 500 еўраў на першы дом. На гэтыя ж грошы падлучылі ўсе камунікацыі, электрычнасць, збудавалі побач дзіцячую пляцоўку. Ужо ў верасні адбудзецца ўрачыстае адкрыццё, і хатцы паселяцца першыя жыхары з анкацэнтру. У арганізацыі «Дзеці ў бядзе» спадзяюцца, што гэта прыцягне ўвагу іншых патэнцыйных спонсараў.

Беларусы – прафесійныя «плакальнікі»?

Людміла, маці 8-гадовага Ягора, разглядае праект пансіянату з візуалізацыяй дамкоў: «Я вельмі паважаю дактароў анкалагічнага цэнтру і бязмежна ім удзячная за тое, што яны зрабілі для майго сына і для нашай сям’і. Але ўмовы ў анкацэнтры вельмі цяжкія. Такі пансіянат патрэбны дзецям, асабліва тым, хто ідзе на папраўку, як глыток паветра. У выпадку пагаршэння стану здароўя – цэнтр заўсёды побач. Адначасова дзіця не жыве ў шпіталі, можна сказаць, яно перабывае ў адносна хатніх умовах». Але, падаецца, яна не дае веры, што калі-небудзь пансіянат збудуюць.

Дзеці значна лягчэй пераносяць лячэнне, калі не бачаць пакутаў іншых у палаце. Фота belsat.euДзеці значна лягчэй пераносяць лячэнне, калі не бачаць пакутаў іншых у палацеАдзін дамок для пансіянату каштуе 25 000 еўраў без уліку выдаткаў на падвядзенне камунікацыяў. Паводле характарыстык, у ім можна будзе жыць і ўзімку, нават калі на дварэ будзе -25. Паставіць яшчэ 19 такіх хатак – нашмат танней, чымся ўвязвацца ў капітальнае будаўніцтва.

«Я разумею, што ў дзяржавы няма грошай. Заўсёды знаходзіцца штосьці больш прыярытэтнае на гэты момант. Але што ж самі беларусы? Чаму мы мусім спадзявацца на замежную дапамогу, – абураецца Алена Логутава. Штомесяц праз Бараўляны праходзяць сотні хворых дзяцей. І гэта не прыватная праблема мамы ды таты. Ёсць іншыя сваякі. І я не веру, што ўсе яны настолькі бедныя, што могуць толькі прасіць і атрымліваць, але – не даваць. Ёсць у краіне і бізнесоўцы, што добра зарабляюць, і проста людзі з добрым прыбыткам. Але часам мне падаецца, што беларусы як прафесійныя «плакальнікі», толькі і ўмеюць, што скардзіцца і чакаць…»

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары