На «Граніце» прымушаюць падпісвацца, што вытворчыя траўмы атрымалі дома


Адміністрацыя мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» не разгалошвае выпадкаў атрымання рабочымі вытворчых траўмаў. Працаўнікоў прымушаюць падпісвацца, што траўмы атрымалі дома.

Толькі за апошні час на прадпрыемстве тры асобы атрымалі пераломы, распавядае працаўнік. «На «Граніце» ёсць цэх, які называюць «ліцейка». Тры тыдні таму там чалавек упаў у яму і паламаў рэбры. Дагэтуль ён у лякарні. Дык яго ўгаварылі ці прымусілі, каб напісаў, што гэта побытавая траўма. А нядаўна на славутай новаадкрытай пятай лініі не спрацаваў нейкі датчык, і рабочага зацягнула за нагу ў канвеер. Можа, які датчык купілі патанней кітайскі, калі на хуткую руку будавалі лінію, ці што… Гэта добра, што майстар зарыентаваўся і перарэзаў рэмень, які там круціць гэта ўсё… А то магло скончыцца яшчэ і горш. Дык яго таксама папрасілі напісаць, што нагу паламаў дома, каб траўма не лічылася за вытворчую,» – кажа працаўнік «Граніту».

Суразмоўца распавёў і пра трэці выпадак: днямі рабочы атрымаў траўмы, калі спрабавалі заводзіць «Белаз». Гэтага рабочага таксама «папрасілі», каб не заяўляў сваю траўму як вытворчую.

Тым часам адміністрацыя адмаўляецца прызнаваць здарэнні, кажучы, што гэтага не было, а журналісты «лепяць з мухі слана».

Нагадаем, што ў канцы 2011 года на прадпрыемстве «Граніт» распачаўся пратэст рабочых, якія, апроч павышэння заробкаў, патрабавалі і паляпшэння ўмоваў працы. Некалькі соцень рабочых выйшлі тады на знак пратэсту з афіцыйнага прафсаюзу. Але адміністрацыя адразу ж пачала ціснуць на пратэстоўцаў, некалькі асобаў звольнілі.

«Белсат» прысвяціў змаганню рабочых «Граніту» адмысловы рэпартаж «Людзі з граніту», які даступны ў фільматэцы тэлеканалу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў