Якія беларускія стравы любяць замежнікі?


Першую гадавіну існавання адзначыў рэстаран беларускай кухні «Guda» – фактычна адзіная гэткая ўстанова ў суседняй Літве.

Як сцвярджаюць стваральнікі «Гуды», назва рэстарацыі зусім не выпадковая: менавіта гудамі ў гэтых мясцінах называлі нашых продкаў у часы Вялікага Княства Літоўскага. Пра нацыянальную прыналежнасць гэтай рэстарацыі яскрава сведчаць і мова, якая часцей за ўсё гучыць у гэтых сценах, і нацыянальныя строі лялек, якія красуюцца на паліцах. Ну, і, вядома, меню. А што тут заказваюць у першую чаргу?

АНГЕЛІНА ЯКШЦЕНЯ, КУРАТАРКА РЭСТАРАЦЫІ «GUDA»:
«Верашчака! Ну, няма ў літоўцаў ні гэтага слова, ні гэтай стравы. Мачанка! Літоўцы прыходзяць і ведаюць ужо нашую мачанку, і ім вельмі падабаецца».
{movie}Рэстаран беларускай кухні ў Вільні|right|12072{/movie}
Але якая беларуская кухня без дранікаў. Гэтую выключна беларускую страву ў рэстарацыі гатуюць штодзённа і ў масавых колькасцях. І падаюць са смятанаю, з бруснічным джэмам, з салёным ласосем, з чырвонаю ікрою, з грыбным соусам.

АНЖЭЛА РУЦЬ, ПОВАР:
«Бярэм, націраем бульбу на буйной тарцы, дадаем гароднінавую юшку для смаку і бульбяны крухмал. Усё перамешваем і смажым блінчыкі на распаленай патэльні».

Дранікі ды іншыя стравы нашай нацыянальнай кухні тут карыстаюцца вялікаю папулярнасцю і сярод «абарыгенаў», і сярод турыстаў з Сінявокай.

НАВЕДНІКІ:
«Беларускую кухню я люблю, асабліва дранікі мне падабаюцца, бо калісьці мая бабуля іх гатавала. Вельмі смачна! І ўсе гэтыя тварожныя дадаткі да блінчыкаў…»
«Па-першае, беларуская кухня – гэта кавалачак беларускай зямлі. Па-другое, хоць другое мусіць быць першым, – гэта вельмі смачна».
«Мне падабаецца мачанка, вельмі цікавая страва. Зробленая па-хатняму, вялікія порцыі. Гэтак зробленая, як раней на сяле рабілі».

Дарэчы, абеды, якія карыстаюцца ў «Гудзе»найвялікшаю папулярнасцю, вельмі даступныя коштам. Сёння, напрыклад, прапаноўваюць комплекс, у якім – халаднік з буракоў, блінчыкі з мясам і журавінавы морс. І за ўсё гэта трэба аддаць 14 літаў, ці менш за 50 тысяч беларускіх рублёў.

Але чакаюць у гэтай рэстарацыі, вядома, не толькі беларусаў, якія апошнім часам даволі масава наведваюць Вільню, – часцей за ўсё з мэтаю экскурсіі, шопінгу ці транзіту праз віленскі аэрапорт у Еўропу. Чакаюць тут і літоўцаў, каб нагадаць ім пра нашую агульную – для літоўцаў і беларусаў – гісторыю. Бо кулінарныя традыцыі, як тут лічаць, – гэта частка нашае агульнае гісторыі. Частка нашае агульнае культуры.

Наста Яўмен, Алесь Сіліч, «Аб’ектыў», Літва

Стужка навінаў