Госця з Польшчы: Беларуская культура – гэта даўняя традыцыя


Музейны комплекс «Дудуткі» у Пухавіцкім раёне не першы год прымае фестываль сярэднявечнай культуры «Наш Грунвальд». Сярод рэканструктараў менавіта гэтае свята лічыцца адным з самых маштабных і якасных у Беларусі. Рэпартаж праграмы «Лета ў «Аб’ектыве».

Глядзець праграму «Лета ў «Аб’ектыве» можна штопятніцу і штопанядзелак у межах «Студыі «Белсат», якая распачынаецца а 21:25. Прагляд магчымы на нашай старонцы ў анлайн-трансляцыі ды ў архіве праграмаў.

Галоўнай падзеяй фестывалю стала рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы. «Гэтая бітва мела вялізнае значэнне і лічыцца адною з найбуйнейшых бітваў у сярэднявеччы. У ёй узялі ўдзел прыблізна 70 народнасцяў», – распавяла Людміла Пятроўская з гомельскага рыцарскага клубу «Старая вежа».

{movie}Рыцарскі фэст у Дудутках («Лета ў «Аб’ектыве», 12.08.2013) |right|12018{/movie}

«Польшча і Вялікае Княства Літоўскае змагаліся за тое, каб іх зямля засталася ў іх, каб іх дом і радзіма была іхнай, а не заваяваная немцамі, бо, у прынцыпе, на той момант ужо шмат якія землі аддалі тэўтонам… Таму гэтая бітва мела вырашальнае значэнне», – дадала аматарка рыцарскай культуры.

Госця фестывалю з Польшчы Гэлена Слівіньска падкрэсліла, што ўдзел у фэсце – гэта вельмі культурны адпачынак: «Гэта ж Грунвальд!.. Вядома, войны рыцарства, традыцыі, больш людзей даведваюцца пра гэта. Я сама пад уражаннем. Агульныя пачуцці ўдзельнікаў нашай экскурсійнай групы – вельмі пазітыўныя. Ходзім, глядзім беларускую культуру, бо яна ёсць даўняй традыцыяй, якую трэба перадаць наступным пакаленням».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў