Улады незаконна доўга думаюць, ці дазволіць АГП пікет


Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі мелі сёння паводле закону атрымаць адказ з Менгарвыканкаму, ці дазволены пікет супраць зняцця спадарожнікавых антэнаў.

Лідар партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што ў АГП былі адразу два заяўнікі на пікет, які меўся адбыцца ў Менску на плошчы Бангалор 14 жніўня. Аднак адну з заяваў Менгарвыканкам не прыняў, спаслаўшыся на няправільнае афармленне.

«Пазней нам паведамілі, што другую заяву перадалі ва Упраўленне ідэалагічнай работы», – распавёў Анатоль Лябедзька.

Згодна з законам «Аб Масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», улады мусілі паведаміць арганізатарам пра сваё рашэнне не пазней, чымся за 5 дзён да акцыі, то бок, – сёння. Аднак сябры АГП так і не атрымалі адказу з Менгарвыканкаму.

«Нам могуць даць таксама рашэнне, аформленае прамінулым днём, – мяркуе Анатоль Лябедзька. – Шанцаў на дазвол мала, але мы не губляем надзеі».

Пікет АГП быў запланаваны супраць прымусовага зняцця спадарожнікавых антэнаў. 16 траўня 2013 года Савет міністраў зацвердзіў новае палажэнне аб устанаўленні індывідуальных антэнаў. Дакумент забараняе самастойна ўсталёўваць спадарожнікавае абсталяванне як грамадзянам, так і арганізацыям. Апроч таго, на ўжо ўсталяваныя антэны трэба атрымаць адмысловыя дазволы, у іншым выпадку іх прадпісана дэмантаваць.

Шмат хто з менчукоў атрымаў з Менгарвыканкаму лісты з патрабаваннем зняць спадарожнікавыя талеркі і адмовіцца ад спадарожнікавага тэлебачання.

Сябры АГП лічаць, што гэткія патрабаванні могуць быць выпадам супраць тэлеканалу «Белсат», які беларусы могуць глядзець праз спадарожнік. Патрэба шматлікіх узгадненняў і дазволаў, на думку Анатоля Лябедзькі, будзе таксама толькі спрыяць карупцыі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў