Адмысловы спавяшчальнік Рады ААН аб Беларусі заклікаў вызваліць Алеся Бяляцкага


«Зняволенне Бяляцкага – сімвал рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў», – заявіў Міклаш Харасці. Адмысловы спавячальнік падкрэсліў, што беларускага праваабаронцу паважаюць ува ўсім свеце, а ягоная дзейнасць для абароны правоў чалавека добра вядомая і шырока прызнаная.

Ён адзначае, што Бяляцкі, «як і шмат якія іншыя праваабаронцы ў Беларусі, не мог займацца легальнаю і бесперашкоднаю працаю з прычыны адмовы ўладаў Беларусі ў рэгістрацыі ягонай арганізацыі».

Харасці заклікаў урад Беларусі прызнаць праваабарончыя арганізацыі краіны і пачаць супрацу з імі для таго, каб стварыць «незалежную нацыянальную ўстанову правоў чалавека, як таго патрабуюць абавязальніцтвы краіны ў межах дамовы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў».

Ён спасылаецца на меркаванне Камітэту правоў чалавека ААН пра тое, што ліквідацыя «Вясны» – парушэнне свабоды аб’яднанняў, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Апроч таго, ён адзначыў, што Рада правоў чалавека ААН аднагалосна заявіла, што ніякі закон не можа ўводзіць крымінальнай адказнасць ці пазбаўляць легітымнасці дзейнасць для абароны правоў чалавека ў сувязі з крыніцамі яе фінансавання.

«Затрыманне Бяляцкага – відавочны вынік ягонай працы ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, – лічыць Харасці. – Дзейнасць для пошуку сродкаў, якою займаўся Бяляцкі для таго, каб забяспечыць самое існаванне «Вясны», а таксама працяг яе працы, праводзілася ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека».

Адмысловы спавяшчальнік заклікае ўрад Беларусі забяспечыць Бяляцкаму «ў перыяд да яго вызвалення доступ да любой медычнай дапамогі, якая яму можа спатрэбіцца, і гарантаваць, што ўмовы ўтрымання ў турме не ўплываюць на ягонае здароўе, а таксама што Алесь Бяляцкі мае поўныя правы на спатканні ды прыватнае ліставанне».

Міклаш Харасці афіцыйна пачаў выконваць свае функцыі адмысловага спавяшчальніка 1 лістапада 2012 года. Ягоны мандат працягнулі яшчэ на год у чэрвені 2013 года. 11–14 ліпеня Харасці, які так і не дачакаўся дазволу ўладаў Беларусі наведаць нашую краіну, сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці ў Вільні.

УШ., паводле БелаПАН, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары