15 сакавіка ў менскіх тэхнікумах пераносяць заняткі, каб людзі не пайшлі на марш недармаедаў


14 сакавіка ў Менскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі адбыўся сход, на якім кіраўніцтва навучальнай установы паведаміла пра перанос заняткаў на «другую змену».

«Сёння на сходзе абʼявілі, што заняткі 15 сакавіка пераносіцца на другую змену, аж да 20 гадзіны, каб ні навучэнцы, ні выкладчыкі не мелі магчымасці ўзяць удзел у маршы», – паведаміў Belsat.eu чытач.

Інфармацыю пра адмену заняткаў пацвердзіла працаўніца каледжа Пацько Наталля. «Заняткі пераносяцца па тэхнічных прычынах, бо ў нас няма халоднай і гарачай вады», – сказала прадстаўніца менскага каледжу ў размове з Belsat.eu.

Паводле ананімнай крыніцы Belsat.eu, «зверху паступіў загад перанесці або адмяніць заняткі ва ўсіх тэхнікумах і каледжах».

Просім нашых чытачоў дапамагчы праверыць і распаўсюдзіць гэтую інфармацыю!

Сёння заяўнікаў акцыі 15 сакавіка папрасілі прыйсці ў ГУУС Менгарвыканкаму. Нагадаем, што грамадзянская кампанія «Мы не дармаеды» абвесціла 15-га сакавіка агульнанацыянальным днём барацьбы за адмену дэкрэту № 3. На гэтую дату арганізатары запланавалі Маршы недармаедаў у Менску і рэгіёнах.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары