15 гадоў таму знік беларускі тэлеаператар Зміцер Завадскі


З 1994 па 1997 год Зміцер Завадскі працаваў асабістым аператарам Лукашэнкі, пасля пачаў працаваць на расейскім тэлебачанні.

Ён бясследна знік раніцай 7 ліпеня 2000 года па дарозе нацыянальны аэрапорт «Менск-2», калі ехаў сустракаць калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль Завадскага знайшлі ў аэрапорце, але што з ім адбылося, невядома. Цела Змітра дагэтуль не знайшлі. На той момант яму было 27 гадоў.

Афіцыйна справа аб знікненні журналіста расследавана. Паводле следства, журналіста выкралі былыя супрацоўнікі спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валер Ігнатовіч і Максім Малік, а таксама былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз і раней неаднаразова судзімы Сяргей Савушкін. Ігнатовіча і Маліка прыгаварылі да пажыццёвага зняволення.

Па версіі Паўла Шарамета, прычынай выкрадання магла быць праца Завадскага ў Чачні ў 1999-2000 гадах падчас здымкаў фільму «Чачэнскі дзённік». Завадскі мог сабраць інфармацыю пра дзеянні беларускіх спецназаўцаў, якія ў той час знаходзіліся на тэрыторыі баёў.

Удава журналіста Святлана стварыла Фонд ягонага імя, а ў 2001 годзе калегі аператара заснавалі прэмію імя Дзмітрыя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў