У Наваполацку затрымліваюць людзей у справе «падрыву на БАМе»


У Наваполацку працягваюцца затрыманні людзей, якія маглі быць звязаныя з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ за нібыта дыверсію на расейскім БАМе. Людзей апытваюць і правяраюць тэлефоны: адных адпускаюць, другія адпраўляюцца ў суд.

Сяргей Ерамееў
52-гадовы Сяргей Ерамееў, які раней працаваў на «Нафтане» і ўдзельнічаў у страйку ў 2020 годзе. Мужчына страціў працу праз палітыку. Расейскія спецслужбы сцвярджаюць, што Ерамееў прывёз выбухоўку з Беларусі на Далёкі Усход і паставіў яе на вагоны двух цягнікоў з нафтапрадуктамі. Заданне яму нібы даў іншы беларус, які жыве ў Літве. У судзе затрыманы заявіў, што выбухамі хацеў спаралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць транспартаванню вайсковых грузаў. Крыніца: Сharter97.org

Як паведамляюць праваабаронцы, агульная колькасць тых, хто прайшоў праз затрыманні, не вядомая. Пасля правядзення размоваў, падчас якіх у людзей пытаюцца пра знаёмства з Сяргеем Ерамеевым, некаторых адпускаюць. У той жа час тых, у каго знайшлі ў тэлефоне падпіскі на так званыя экстрэмісцкія матэрыялы, адпраўляюць адразу ў суд і судзяць паводле артыкулу 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавоз інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць».

Праваабаронцы гавораць, што пакуль ім не вядомыя факты завядзення крымінальных справаў у дачыненні затрыманых апошнімі днямі.

Затрыманні ідуць з 8 снежня і, са словаў праваабаронцаў, датычаць найперш тых, хто меў дачыненне да агульнабеларускага страйку ў 2020 годзе. Сілавікі пытаюцца ў затрыманых пра Сяргея Ерамеева, які таксама ўдзельнічаў у страйку, і пра тое, ці было ім вядома нешта пра ягоныя намеры падарваць цягнікі на БАМе.

Нагадаем, што 9 снежня ў Полацку і Наваполацку супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бяспекі былі затрыманыя каля 20 асобаў. Сярод затрыманых была адная асоба, якая зусім выпадкова кантактавала з Ерамеевым апошнімі днямі.

Увечары 29 лістапада на перагоне Ітыкіт – Акусікан падчас руху праз тунэль на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, што ехаў  аб’езнаю каляінаю. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Паліва разлілося на плошчы 150 квадратных метраў. Выбухі цягнікоў у Паўночнамуйскім тунэлі БАМу кваліфікавалі як тэракт.

7 снежня ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне ў Омску беларуса, падазраванага ў тэракце. На судзе стала вядома, што затрыманы – 52-гадовы Сяргей Ерамееў. Ён працуе як індывідуальны прадпрымальнік, мае дваіх малых дзяцей, раней не быў судзімы. У Расеі ў яго няма сталага месца рэгістрацыі.

Віну Ерамееў прызнаў, а ў судзе заявіў, што хацеў спаралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць транспартаванню вайсковых грузаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў