«Мы не заўважаем вайны». Муж Домрачавай Уле Б’ёрндален распавёў пра жыццё ў Беларусі


Муж Дар’і Домрачавай біятланіст Уле Эйнар Б’ёрндален распавёў, як ягонай сям’е жывецца ў Беларусі, піша нарвежскі партал vg.no.

Дар’я Домрачава і Уле Б’ёрндален.
Фота: sport5.by

Сёлета ў сям’і Домрачавай і Бʼёрндалена нарадзілася другая дачка, таму, паводле біятланіста, натуральна, што яны жывуць у Беларусі.

«Мы ўсё лета правялі ў Беларусі, паглядзім, што будзе далей», – кажа спартовец.

Раней Бʼёрндален ужо падвяргаўся крытыцы з боку праваабарончых арганізацыяў за тое, што з 2019 па 2022 гады быў кіраўніком зборнай Кітаю па біятлоне. Цяпер біятланіст вырашыў не думаць пра тое, што могуць сказаць крытыкі пра ягонае месца жыхарства ў Беларусі.

«Натуральна, што з гэтай нагоды будуць пытанні, – сказаў Бʼёрндален падчас прэс-канферэнцыі ў Осла. – У мяне няма асаблівых думак на гэты конт. Мы нараджалі там гэтым летам, праводзілі там летні адпачынак, і мая жонка хоча, каб пасля родаў быў спакой. Таму для нас натуральна быць там».

Hавiны
Дар’я Домрачава нараджала сваю другую дачку ў Менску
2023.07.21 18:06

Дар’я Домрачава пасля ўварвання Расеі ва Украіну крытычна паставілася да таго, што расейскіх і беларускіх спартоўцаў перасталі дапускаць да міжнародных спаборніцтваў.

«Лічу абсалютна наіўным лічыць, што выключэнне беларусаў і расейцаў з міжнародных спаборніцтваў дапаможа вырашыць ваенны канфлікт. На маю думку, такія дзеянні толькі распальваюць розніцу паміж людзьмі. Перш чым казаць пра глабальнае, давайце пачнем з сябе, з нашых чалавечых характарыстык і навакольнага асяроддзя. Мы ў спорце, пачнем са спорту. У спорту ёсць усе магчымасці, каб прынесці мір свету і абʼяднаць», – пісала раней Домрачава.

Бʼёрндален выказаў спадзяванне, што вайна неўзабаве скончыцца і спартоўцы з Расеі і Беларусі змогуць канкураваць з іншымі краінамі.

«Нам трэба мець справу з рашэннем IBU (Міжнароднага саюзу біятланістаў) аб забароне на ўдзел. Гэтае рашэнне падтрымлівае большасць. Я думаю, нічога не адбудзецца, пакуль вайна не скончыцца», – сказаў біятланіст.

«Як вы адчуваеце вайну як жыхар Беларусі?» – запытаўся ў Бʼёрндалена журналіст.

«Мы нічога не адчуваем і не заўважаем вайны ў Беларусі, інакш бы нас там не было, – адказаў спартовец. – Там людзей гэта займае, як і ўсіх. Яны, вядома, хочуць, каб усё было спакойна».

«Як вы пачуваецеся, заяўляючы гэта ў адрас краіны, у якой жывяце?» – было наступнае пытанне.

«Я кажу тое, што думаю. У мяне ёсць маё меркаванне. Для мяне гэта не цяжка», – адказаў біятланіст.

Бʼёрндален і Домрачава ажаніліся ў 2016 годзе. У тым жа годзе ў іх нарадзілася першая дачка Ксенія. У 2023 годзе спартоўцы сталі бацькамі ў другі раз – у іх нарадзілася дачка Міра. Нараджала Дар’я Домрачава ў Беларусі. Да нараджэння Міры сям’я жыла ў Манака.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў