Расследавальнікі знайшлі новыя схемы, паводле якіх «Горадня Азот» абыходзіць санкцыі


Беларуская кампанія «Горадня Азот», якая яшчэ ў 2021 годзе трапіла пад заходнія санкцыі, працягвае пастаўляць сваю прадукцыю ў Еўрапейскі Звяз. Пра гэта паведамляюць чэшскія журналісты-расследавальнікі.  Спыніць гэты працэс не так і проста, кажуць эксперты. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: azot.by

Чэшскае выданне Investigace.cz паведаміла 14 верасня, што беларуская кампанія «Техноспецтрейдинг» актыўна пастаўляе ў Чэхію і Польшчу карбамід – хімічнае злучэнне на падставе азоту, якое выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы для ўгнаення раслін. Аднак праблемай з’яўляецца тое, што адзіным вытворцам карбаміду ва ўсёй Беларусі з’яўляецца «Горадня Азот», што ў 2021 годзе за парушэнні правоў чалавека ў краіне трапіў пад санкцыі Еўразвязу, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі ды пазней Швейцарыі.

Хаця санкцыі і ўведзеныя ў дачыненні да «Горадня Азоту», яны не распаўсюджваюцца на ўсю Беларусь. Таму тэхнічна экспартаваць карбамід з краіны можна, але толькі тады, калі б у краіне быў іншы вытворца рэчыва, што не трапіў пад санкцыі. Але ў Беларусі яго няма.

Пры гэтым «Техноспецтрейдинг» прадае карбамід яшчэ і з істотнай зніжкай: адна тона грануляванага карбаміду каштуе 300 еўра, што прыкладна на 30 еўра танней за сярэдні кошт на карбамід.

Старыя знаёмыя

«Техноспецтрейдинг» ужо фігураваў у расследаванні Беларускага расследавальніцкага цэнтру, што выйшла ў лютым 2023 года. Тады журналісты БРЦ разам з «Рабочым рухам», літоўскім цэнтрам «Siena» пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» выявілі, што падсанкцыйнае прадпрыемства «Горадня Азот» паспяхова абыходзіць еўрапейскія санкцыі, выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі – «Гриком» и «Техноспецтрейдинг».

У кастрычніку 2022 года «Техноспецтрейдинг» атрымаў ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю экспартную ліцэнзію на пастаўкі карбаміду эмірацкай фірме «DP World Commodities and Logistics FZE». Прычым фірма абавязвалася перавезці 30 тысяч тон карбаміду коштам € 15 млн.

Hавiны
«Горадня Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі
2023.02.20 20:49

Але высветлілася, што офіс «Техноспецтрейдинг», якая пазіцыянуе сябе не толькі як пастаўшчык, але і як вытворца карбаміду, – гэты звычайны катэдж на ўскрайку Менску. Ніякай вытворчасці побач няма, а «сваю прадукцыю» кампанія загружае на чыгуначнай станцыі «Аульс», што каля «Горадня Азот». Працаўнікі кампаніі – былыя працаўнікі «Горадня Азот». Як лічаць расследавальнікі, фірму могуць выкарыстоўваюць дзеля паставак прадукцыі ў Еўропу ў абыход санкцыяў, а эмірацкія пакупнікі – гэта толькі прыкрыццё.

У выніку расследавання Літоўская чыгунка затрымала цягнік з беларускімі ўгнаеннямі. Груз з карбамідам нібыта рухаўся ў Дубай праз Клайпеду. Агулам было затрымана больш як 3000 тон карбаміду коштам больш як € 2 млн, які везлі па чыгунцы. У кампаніях трох гарадоў на тэрыторыі Літвы, якіх падазраюць ва ўдзеле ў «ценявых» схемах для абыходу міжнародных санкцыяў, прайшлі ператрусы. Двое падазраваных былі затрыманыя.

Не Літвой адзінай

Пасля таго, як улады Літвы ўзмацнілі памежны кантроль, імпарт карбаміду ў Літву скараціўся. Калі з верасня 2022 года па люты 2023 года з Беларусі імпартавалі карбаміду на суму больш як 1,6 млн еўраў, то пасля ўмяшання ўладаў увезлі яго толькі ў красавіку 2023 года на менш як 80 тыс. еўраў.

У сакавіку і траўні 2023 года беларускі карбамід таксама імпартаваўся ў Чэхію – на 225 тыс. еўраў. У Польшчу ж толькі за студзень – чэрвень 2022 года з Беларусі ўвезлі карбаміду амаль на 6 млн еўраў. Таксама беларускі карбамід куплялі ў Эстоніі і Баўгарыі, але ў істотна меншых аб’ёмах.

Hавiны
Праз санкцыі беларускі лес пастаўляецца ў Еўропу па фальшывых дакументах
2022.12.20 19:31

Паводле падобных схемаў у Еўропу пастаўляецца і прадукцыя беларускай лясной прамысловасці – нібыта ад фірмаў з Казахстану і Кыргызстану.

Што з гэтым рабіць?

Як распавяла Investigace.cz Гана Прудзічава з прэс-службы Мытнай адміністрацыі Чэхіі, установа пакуль не зарэгістравала ніводнага выпадку затрымання беларускага карбаміду за парушэнне міжнародных санкцыяў.

«Калі тавар прадае асоба, не ўключаная ў санкцыйны спіс, то няма падставаў затрымліваць гэты тавар паводле падазрэння ў парушэнні міжнародных санкцыяў», – заявіла яна.

Павел Гаўлічак, аналітык Асацыяцыі міжнародных праблемаў, мяркуе, што для вырашэння гэтай сітуацыі можна выкарыстоўваць два варыянты: або накласці санкцыі на ўсю азотную прадукцыю з Беларусі, або больш старанна вывучаць фірмы, якія яе пастаўляюць.

Ён адзначае, што ЕЗ пакуль не даў дастатковых інструментаў для праверкі паходжання тавараў: «Згодна з дзейным заканадаўствам, магчыма аказваць ціск на імпарцёраў з мэтай праверкі паходжання тавараў – асабліва ў выпадку сумневаў, тады ім варта праверыць ланцужок паставак, напрыклад, калі ёсць перасцярогі», – адзначыў Іржы Скугравец з аналітычнай кампаніі Datlab.

На яго думку, «пакуль магчыма схаваць паходжанне тавараў і структуру ўласнасці кампаніяў, якія гандлююць з ім, абысці санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да міжнароднага гандлю, будзе адносна лёгка».

Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Калі іх [санкцыяў. – Рэд. Belsat.eu] парушэнне не відавочнае на першы погляд, у нас мала магчымасцяў забяспечыць іх выкананне. Мы не можам, напрыклад, даказаць, дзе насамрэч імпарцёр узяў карбамід, а часцяком у нас нават няма жадання гэта высвятляць», – дадаў Скугравец.

Новыя схемы абыходу санкцыяў

Аліна Янчур, журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру, у каментары «Белсату» адзначыла, што пастаўка карбаміду з дапамогай фірмаў-пракладак у Еўразвяз «на жаль, і зараз працуе».

«Мы заўважаем новыя і новыя схемы таго, як «Горадня Азот» намагаецца абыходзіць санкцыі. Зараз мы рыхтуем расследаванне сумесна з нашымі партнёрамі з літоўскага расследавальніцкага цэнтру «Siena» і з «Рабочым рухам» пра новыя маштабныя схемы таго, як «Горадня Азот» знаходзіць гэтыя шляхі ўсцяж абыходзіць гэтыя санкцыі», – заявіла прадстаўніца БРЦ.

Агулам, паводле яе, беларускія ўгнаенні трапляюць у Еўразвяз двума шляхамі – чыгункай і грузавымі аўтамабілямі. Канкрэтны транспарт залежыць ад кампаніі, уключанай у канкрэтную схему, і ад аб’ёму паставак.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў