Праз санкцыі беларускі лес пастаўляецца ў Еўропу па фальшывых дакументах


У сакавіку 2022 года Еўразвяз увёў забарону на імпарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі пад кодам 44 («Драўніна і вырабы з яе; драўняны вугаль»). Аднак як толькі санкцыі пачалі дзейнічаць, экспарт з Казахстану ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстану – прыкладна ў 18 тысяч разоў. Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) даведаўся пра некалькі кампаніі, якія наўпрост прапануюць пастаўляць у ЕЗ падсанкцыйную прадукцыю па фальшывых дакументах, а таксама пра такія кампаніі ў Еўразвязе.

Пасля ўвядзення санкцый за падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну польскі дылер драўніны «БЛК Трэйдынг» працягваў напрамую разлічвацца са сваім галаўным беларускім дзяржпрадпрыемствам. Кампанія «БЛК Трэйдынг» зарэгістраваная ў Польшчы як прыватная юрыдычная асоба, але яе ўладальнік – беларускае дзяржаўнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Мостовдрев». На сайце ж польскай кампаніі пазначана, што яны гандлююць выключна таварамі пад кодам 44, які якраз знаходзіцца пад абмежаваннямі. Пры гэтым кампанія сцвярджае, што цяпер будзе займацца пастаўкамі лесу з Казахстану.

Па падліках БРЦ, схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны ў ЕЗ праз Кыргызстан і Казахстан прынеслі сваім арганізатарам каля 30 мільёнаў еўра. Гэтым бізнесам займаюцца ў тым ліку былыя беларускія чыноўнікі.

Для параўнання, тэрыторыя Казахстану ўсяго на 5% пакрыта дрэвамі, Кыргызстану – амаль на 6%. Лясістасць Беларусі – 40%, па дадзеных Мінлясгаса. Пры гэтым урад Казахстану забараніў вываз некаторых вырабаў з драўніны яшчэ ў снежні мінулага гады, каб развіваць мясцовую дрэваапрацоўку. Аналагічныя меры ўвялі і ўлады Кыргызстану. Аднак як толькі санкцыі на беларускае дрэва ўступілі ў сілу, экспарт з Казахстану ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстану – амаль у 18 тысяч разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.

Імпарт ЕЗ тавараў з кодам 44 з Казахстану, даныя Еўрастату. Крыніца: investigatebel.org
Імпарт ЕЗ тавараў з кодам 44 з Кыргызстану, даныя Еўрастату. Крыніца: investigatebel.org

Расследавальнікі высветлілі, што прыватны беларускі цэнтр экспертыз «Стандарт якасці» прапануе паслугі па ўскосным рээкспарце тавараў з ЕЗ у Беларусь праз Кыргызстан. Цэнтр прапанаваў супрацоўніцтва з фірмай «Сертыфікат КейДжы», якая дапамагае беларускім вытворцам піламатэрыялаў атрымліваць кыргызстанскія дакументы для сваёй прадукцыі і такім чынам праходзіць мытню ЕЗ.

Журналісты даведаліся, што адзін з сузаснавальнікаў «Сертыфікат КейДжы» – Алег Нарчук, былы супрацоўнік Дзяржстандарту.

БРЦ знайшоў яшчэ тры фірмы, якія па фальшывых дакументах пастаўляюць беларускую прадукцыю ў Еўропу. Гэта «Агра Кейджы», «СК Гранд» і «Адміт».

Пад выглядам кліентаў журналіст БРЦ звязаўся з прадстаўнікамі кампаній. У размове з прадстаўніком «Агра Кейджы» той прызнаўся, што раней кампаніі вазіла палеты ў Еўропу «фурамі», а зараз будзе вазіць «вагонамі». Таксама журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «Адміт» і папрасілі дапамагчы з пастаўкамі беларускіх палетаў у Еўропу. У кампаніі пацвердзілі, што могуць гэта зрабіць: у Кыргызстане ў іх ёсць вытворчасць, і разам са сваёй прадукцыяй яны адпраўляюць у Еўропу беларускую, робячы на яе кыргызстанскія сертыфікаты. Калі журналісты БРЦ звярнуліся ў «Агра Кейджы» і «Адміт» за афіцыйным каментаром, кампаніі сталі адмаўляць, што возяць забароненую беларускую прадукцыю ў ЕЗ пад фальшывым дакументам.

Сузаснавальніца кампаніі «СК Гранд» сказала, што не ведала аб пастаўках у абыход санкцый і паабяцала разабрацца.

У схеме гандлю кантрабанднай прадукцыяй у Літве можа быць замешана кампанія «Vivalsa». Раней гэтая фірма прадавала палеты з Расеі, але пасля ўвядзення санкцый пачала пастаўляць нібыта кыргызстанскую і казахстанскую прадукцыю. Пазней журналісты пад выглядам кліентаў знайшлі на складзе кампаніі прадукцыю «Агра Кейджы». Дырэктар і саўладальнік «Vivalsa» Саўлюс Гірчыс прызнаўся, што гэтыя палеты – з Беларусі, але настойваў на тым, што ягоная кампанія не парушае санкцыі.

Літоўскі эканаміст і намеснік старшыні праўлення нацыянальнага банку Раймандас Куадзіс лічыць, што Расея і Беларусь будуць абыходзіць санкцыі да таго часу, пакуль заходнія дэмакратыі не пакараюць краіны, якія ім у гэтым дапамагаюць.

belsat.eu

Стужка навінаў