У Луганску адбыўся выбух: паранены выканальнік абавязкаў кіраўніка «МУС ЛНР»


Удзень 15 траўня ў луганскім барбер-шопе «The Brothers Barbershop» адбыўся выбух. Праз гэта пацярпелі некалькі чалавек, у тым ліку выканальнік абавязкаў кіраўніка МУС самаабвешчанай ЛНР Ігар Карнэт. Ён атрымаў сур’ёзныя траўмы і цяпер у рэанімацыі.

Ігар Карнэт.
Фота: mvdlnr.ru

«Ён жывы. Стан стабільны», – распавёў пра стан Ігара Карнэта намеснік міністра аховы здароўя анексаванай ЛНР Алег Валіеў, перадае тэлеканал «Звезда».

Паводле тэлеграм-каналу «Baza», Карнэт быў у барбер-шопе падчас выбуху. Выданне называе яго сталым наведнікам установы. Акрамя яго, пацярпелі яшчэ пяцёра чалавек.

Першапачаткова з’явілася інфармацыя, што ў барбер-шопе ўзарвалася граната, аднак, мяркуючы з наступстваў, гэта магло быць самаробнае выбуховае прыстасаванне. Верагодна, была спроба замаху на Ігара Карнэта.

Таксама побач з барбер-шопам, дзе адбыўся выбух, месціцца тэлерадыёкампанія гэтак званай ЛНР.

За апошнія дні ў Луганску рэгулярна раздаюцца выбухі – з 12 траўня горад пачаў абстрэльвацца. Пад удары трапілі прадпрыемства «Полі-пак», будынак былой Акадэміі ўнутраных справаў і стадыён «Авангард». Сёння Луганск ізноў абстралялі – дзвюма брытанскімі ракетамі «Storm Shadow» вялікай далёкасці, якія пашкодзілі будынак былой авіявучэльні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў