«Былі б эканамічным драконам». Што страціла Беларусь, не пасябраваўшы з ЗША пасля візіту Клінтана?


30 гадоў таму незалежную Беларусь упершыню наведаў прэзідэнт ЗША. І хаця гэты візіт мог бы стаць пачаткам выгаднай для нашай краіны супрацы, Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады, павёў рэспубліку іншым шляхам – на ўсход. «Белсат» спытаў палітыкаў і аналітыкаў, чаму так адбылося і што страціла Беларусь, адмовіўшыся ад стратэгічнага партнёрства з ЗША.

Беларускія вайскоўцы пад бел-чырвона-белым сцягам падчас сустрэчы Станіслава Шушкевіча і Біла Клінтана ў Менску.
Фота: Сяргей Брушко

Візіт Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года. Амерыканскі прэзідэнт сустрэўся з старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам, кіраўніком Савету Міністраў Вячаславам Кебічам, усклаў вянок на плошчы Перамогі ў Менску, наведаў Акадэмію навук, з’ездзіў у Курапаты – месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, дзе ўсталявалі мемарыяльны знак, што ў народзе назвалі «лаваю Клінтана».

Акрамя таго, падчас візіту прэзідэнта ЗША, што доўжыўся 6 гадзінаў, была падпісаная дамова аб узаемнай абароне інвестыцыяў.

Шушкевіч тады казаў, што «пачынаецца новая фаза, развіццё эканамічных стасункаў».

Аднак летам таго года да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, які ўзяў курс на Маскву. Неўзабаве стасункі Беларусі з ЗША сталіся калі не варожымі, то дакладна не сяброўскімі.

Hавiны
Канфлікт у Драздах, хвалі скарачэнняў і адкліканне агрэмана. Гісторыя амбасады ЗША ў Беларусі
2022.02.02 09:52

«Адносіны сталі пагаршацца, як і з усімі заходнімі краінамі, пасля 1996 года, калі Лукашэнка зладзіў нелегітымны рэферэндум і фактычна скасаваў падзел уладаў, калі лукашэнкаўская Беларусь адмовілася ад дэмакратыі», – сказаў у каментары «Белсату» палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Візіт Клінтана ён назваў гістарычным:

«Гэта было сведчаннем прызнання ЗША важнасці Беларусі і падзякі ЗША за тое, што Беларусь адмовілася ад ядравай зброі».

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст адзначыў яшчэ адну прычыну таго, што стасункі так і не былі наладжаныя:

«Лукашэнка ў сваёй свядомасці быў і ёсць савецкім чалавекам, а савецкіх людзей вучылі, што наш галоўны вораг – дзядзя Сэм, ад якога ідзе ўсё зло. І з самага пачатку Лукашэнка зрабіў геапалітычны выбар на карысць Расеі».

Інтэрв’ю
Амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжэзінскі: «Ціханоўская – лідар. Лукашэнка – спадарожнік Пуціна»
2022.05.08 18:40

«Зараз страчана ўсё, нават у значнай ступені суверэнітэт. Гэта палітыка супраць беларускага народу, супраць нашай незалежнасці, палітыка на карысць Масквы. Цяпер мы перажываем гэтую трагедыю, гэтае адмежаванне ад міжнароднай супольнасці, ад Амерыкі, якая вельмі шчыра ставілася да Беларусі», – заявіў «Белсату» лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк, разважаючы пра тое, што страціла нашая краіна праз халодныя стасункі з Вашынгтонам.

Палітык не сумняецца, што тады ў Беларусі былі цудоўныя перспектывы:

«Паводле нашых разлікаў, за восем гадоў мы былі б еўрапейскім эканамічным драконам, у нас былі вялікія магчымасці ў эканоміцы: навукаёмістая вытворчасць, высокая кваліфікацыя працоўнай сілы, вучоныя, шмат зямлі – усё было б на найвышэйшым узроўні, усё было разлічана. Ну вось атрымалася, што сілы зла і ілжы перамаглі на пэўны час. Гэта ненадоўга, але цярпіць цэлае пакаленне».

Дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі звярнуў увагу, што супраца з рознымі дзяржавамі дазваляе дыверсіфікаваць рызыкі, такім чынам, партнёрства з ЗША, мякка кажучы, не зашкодзіла б.

Hавiны
Запуск пашпарта і стратэгія з ЗША. АПК падвёў вынікі года ў замежнай палітыцы
2023.12.28 13:44

«Вялікае глупства – варагаваць з рознымі краінамі, з суседзямі ў тым ліку, замест таго каб шукаць сяброў. Гэта засталося – ваяўнічасць – ад СССР, калі на твае амбіцыі не хапае амуніцыі, але ўсё роўна імкнуцца знайсці нейкіх ворагаў. Усё праўленне Лукашэнкі – не дапусціць прыходу будучыні», – сказаў Дабравольскі «Белсату».

Ён адзначыў дзеянні Пекіну, які намагаецца пабудаваць надзейныя гандлёвыя шляхі менавіта на «ненавісны Захад»:

«Кітай новы шаўковы шлях ладзіць куды? На самыя плацежаздольныя рынкі: ЗША і ЕЗ, каб збываць свае тавары. А Беларусь, не разумеючы гэтага, абмяжоўвае свае магчымасці, адмаўляючыся ад супрацы з самымі развітымі, самымі заможнымі краінамі. Гэта найвялікшае глупства».

Станіслаў Шушкевіч сустракаецца з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам. 1994 год. Фота svaboda.org

Юрый Дракахруст у размове з «Белсатам» на прыкладзе Польшчы і краінаў Балтыі назваў яшчэ адну падставу сяброўства са Злучанымі Штатамі: бяспека.

«Важны і гандаль з ЗША, важнае атрыманне высокіх тэхналогіяў (а менавіта ЗША – галоўная крыніца ў свеце), але самае галоўнае – гэта бяспека. У народнай свядомасці, у палітычнай свядомасці Польшчы і краінаў Балтыі прысутнічае памяць: пра 1939 год у Польшчы і 1940-ы ў краінах Балтыі, калі іх знішчылі і згвалтавалі. І тагачасная Еўропа ім не дапамагла. Саюз з ЗША, арыентацыя на ЗША ў першую чаргу для гэтых краінаў азначае: 1939-ы, 1940-ы – ніколі больш», – падсумаваў аналітык.

Аб’ектыў
30 гадоў мінула з візіту Біла Клінтана ў Менск
2024.01.15 21:08

belsat.eu

Стужка навінаў