Канец «калійнай імперыі»


Расейскі «Уралкалій» спыняе супрацу з «Беларускаю калійнаю кампаніяй». Пад вялікім пытаннем – стварэнне новай структуры «Саюзкалій». Гульня ідзе на мільярды долараў, і выглядае на тое, што расейцы метадычна «выбіваюць козыры» у сваіх беларускіх партнёраў.

Хто вінаваты ў разрыве?

«Беларуськалій» ды «Уралкалій» прадавалі калійныя ўгнаенні праз «Беларускую калійную кампанію» са штаб-кватэраю ў Менску. Дзякуючы такому аб’яднанню, доля калійных угнаенняў, што прадавалася праз БКК, склала больш за 40 % сусветнага экспарту.

29 ліпеня рада дырэктараў «Уралкалію» пастанавіла спыніць продаж сваёй прадукцыі праз БКК. Расейцы вінавацяць «Беларуськалій» у экспарце ўгнаенняў па-за межамі кампаніі. Фактычна гэта азначае, што беларускі бок, нягледзячы на дамоўленасці, пачаў ствараць канкурэнцыю сваім расейскім партнёрам. «У гэтай сітуацыі мы вымушаныя перанакіраваць нашыя экспартавыя плыні на ўласнага трэйдэра», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве рады дырэктараў «Уралкалію».

У траўні аналагічныя абвінавачанні прагучалі на адрас «Уралкалію». Паводле тагачаснага гендырэктара «Беларуськалію» Валерыя Кірыенкі, расейцы экспартавалі праз БКК толькі 20 % сваёй прадукцыі. Паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, другі закід ў бок беларускага прадпрыемства, які пакуль на высокім узроўні не агучваўся, – гэта выкарыстанне «шэрай схемы» продажу, як гэта было з разбаўляльнікамі. «Гэта цалкам магчыма, бо на фоне зніжэння аб’ёмаў паставак калійных угнаенняў у першым паўгоддзі ёсць вельмі сур’ёзны рост паводле асобных пазіцыяў. Паводле некаторых з іх аб’ёмы паставак выраслі ў разы», – канстатуе адмысловец.

Незалежная камісія «з кімсьці ўплывовым»

У траўні Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з ўладальнікам «Уралкалію» Сулейманам Керымавым. Падчас перамоваў пастанавілі стварыць адмысловую камісію, якая зоймецца пошукам варыянтаў новага фармату супрацы. Паводле прэс-службы Лукашэнкі, расейскі бізнесовец выказаў пажаданне, каб курыраваў гэтую камісію «хтосьці ўплывовы». І сапраўды, камісію стварылі. Узначаліў яе Сяргей Румас, а «куратарства» даручылі… сыну Аляксандра Лукашэнкі Віктару ды кіраўніку КДБ Валерыю Вакульчыку. А вось гендырэктар «Беларуськалію», які асмеліўся супрацьстаяць расейцам і абвінаваціў іх у нядобрасумленнасці, сваю пасаду страціў. Бо для далейшых перамоваў з расейскім бокам Кірыенка – не самая лепшая фігура.

Навошта Лукашэнку расейцы ў калійным бізнесе?

Нездарма «Беларуськалій» называюць «курыцаю, якая нясе залатыя яйкі». Летась паступленні ў бюджэт ад гэтага прадпрыемства склалі $ 3 млрд. Гэтага дастаткова, каб у 2013 годзе ўтрымліваць усю судовую і праваахоўную сістэму Беларусі, пакрыць усе выдаткі на сацыяльную палітыку.

Пакуль праз БКК разам з «Беларуськаліем» працавала расейская кампанія, Аляксандр Лукашэнка мог не апасацца магчымых санкцыяў з боку заходніх краінаў, бо гэта азначала б атаку і на расейскі бок, а да таго ж немагчыма без сур’ёзных стратаў байкатаваць экспарцёра, які забяспечвае 40 % экспарту на сусветным рынку. Зрэшты, гэта яшчэ не азначае, што пагроза санкцыяў з’явілася. Нават у выніку поўнага разрыву з расейскімі партнёрамі «Беларуськалій» застаецца моцным гульцом на рынку. З іншага боку, у лік канкурэнтаў трапяць учорашнія хаўруснікі. Усё гэта адбываецца на фоне паступовага зніжэння сусветных коштаў на ўгнаенні.

«Нічога добрага у гэтым разрыве няма. Быць у складзе такога картэлю – вельмі добра, бо можна весці сур’ёзныя гандлёвыя войны нават супраць сваіх пакупнікоў, як гэта было, напрыклад, у першай палове 2009 года, калі рынак увогуле «стаяў», бо ішлі перамовы, па якім кошце прадаваць», – дадае Сяргей Чалы. У найлепшыя часы кошты на калійныя ўгнаенні дасягалі $ 1 тыс. за тону. Цяпер гэтая лічба скарацілася больш як удвая.

«Саюзкалій» – новая імперыя на аскепках старой?

Калі стваралася «Беларуская калійная кампанія», у беларуска-расейскім тандэме безумоўным лідарам у аб’ёмах продажу быў «Беларуськалій». Аднак з цягам часу расейцы праз набыццё іншай кампаніі нарасцілі вытворчасць і паступова магутнасці «Уралкалію» перавысілі беларускія. Адпаведна, расейскі бок ужо не задавальняе парытэтная схема кіравання БКК.

Пасля крызісу 2011 года пачаліся размовы пра магчымы продаж «Беларуськалію» або яго часткі. Аднак кошт, які назваў Аляксандр Лукашэнка, – $ 30 млрд, аказаўся непрымальны для расейскіх алігархаў.

Выхад расейцаў з продажаў праз БКК яшчэ не азначае канчатковага разрыву. Замест «калійнай імперыі» з цэнтрам у Менску створаць новую са штаб-кватэраю ў… Швейцарыі. «Праца для стварэння «Саюзкалію» ідзе, але крыху не тымі тэмпамі, як гэта раней планавалася. Я думаю, да сярэдзіны наступнага года «Саюзкалій» запрацуе», – заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Аднак эканаміст Сяргей Чалы сумняецца ў рэалістычнасці гэтых планаў. «Калі «Уралкалій» хацеў бы перанесці акцэнт на супольную працу ў межах «Саюзкалію», то было б нелагічна перад яе стварэннем разрываць стасункі, – лічыць адмысловец. – Цяпер гаворка не ідзе пра вайну паміж «Беларуськаліем» і «Уралкаліем». Гаворка ідзе пра тое, што сур’ёзна адрозніваюцца погляды, як мае выглядаць гандлёвая палітыка на рынках. Гэтак, калі рынак пачаў «падаць», рэакцыя была вельмі розная. Расейцы паступілі як нармальная рыначная кампанія, скарачаючы вытворчасць, а «Беларуськалій» – наадварот нарошчваў».

Фактычна гэта азначае дэмпінг, які не мог спадабацца расейскім партнёрам. Ці разыдуцца дарогі «калійных хаўруснікаў»? Цяпер расейская кампанія, магутнасці якой сталіся параўнальнымі з беларускімі, у стане перахапіць ролю аднаго з ключавых гульцоў на сусветным рынку. Без дапамогі непрадказальнага хаўрусніка.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў